Да Дня беларускага пісьменства ў слонімцаў шмат просьбаў
У 2019 годзе ў Слоніме адбудзецца рэспубліканскае нацыянальнае беларускае свята – Дзень беларускага пісьменства. Яно пройдзе ў першую нядзелю верасня. Свята гэта праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нацыянальнай культуры і друкавага слова, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў.
Слонімцы ўжо даведаліся пра тое, што ў іх горадзе над Шчарай свята збярэ ўсю Беларусь і на гэта будзе выдаткаваныя фінансы з рэспубліканскага бюджэту. Таму сёння жыхары Слоніма патрабуюць, каб да свята беларускага пісьменства былі: адрэстаўравана сінагога 1642 года ў цэнтры горада, упарадкаваны канал Агінскага, адкрыты помнік Льву Сапегу, а таксама помнікі знакамітым пісьменнікам-слонімцам. Дарэчы, у Слоніме на сённяшні дзень няма ніводнага помніка, бюста, мемарыяльнай шыльды пісьменнікам-землякам. А Слонімшчына вельмі багатая на літаратурныя таленты — Гальяш Леўчык, Кандрат Лейка, Сяргей Дарожны, Анатоль Іверс, Алег Лойка, Мікола Арочка, Уладзімір Сакалоўскі, Васіль Супрун, Янка Саламевіч і многія іншыя вядомыя асобы, якія ўсё жыццё працавалі на ніве літаратурнай Беларусі.
Нягледзячы на тое, што ў Слоніме адбудзецца Дзень беларускага пісьменства, слонімцы патрабуюць, каб у іх горадзе да гэтага мерапрыемства былі: адрамантаваны вуліцы горада, пабудавана дзіцячая паліклініка, праведзены рамонт у раённай паліклініцы, пабудаваны водны палац, адкрыта дзіцячая кавярня і дзясяткі іншых просьбаў.
Дарэчы, сёлета Дзень беларускага пісьменства адбудзецца ў горадзе Іванаве Берасцейскай вобласці.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім