Да Ларысы Геніюш у Зэльву (абноўлена)
Кніга людской удзячнасці – так можна назваць новую кнігу пра Ларысу Геніюш “Духу магутныя чары…”, прэзентацыя якой пройдзе 8 жніўня ў Зэльве падчас адзначэння 105-х угодкаў з дня нараджэння вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Дзве траціны кнігі змяшчаюць менавіта мемуары пра Ларысу Геніюш, – кажа паэт Міхась Скобла.
Ва ўспамінах людзей, якія добра ведалі Ларысу Геніюш, а іх у кнізе ажно 64, найперш выказваецца гэтая ўдзячнасць за сяброўства, за тое, што творы Ларысы Геніюш дапамагалі выжываць людзям на той час – на беласмертнай поўначы, у гулагу, успаміны гулагаўцаў таксама ёсць у кнізе. І ў той час, калі Ларыса Геніюш жыла ў Зэльве, туды ехалі з усёй Беларусі – мастакі, пісьменнікі.
* * *
8 жніўня творчая інтэлігенцыя Беларусі збярэцца ў Зэльве, каб адзначыць 105-ыя ўгодкі з дня нараджэння вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Урачыстасць пачнецца ў 11 гадзін у Свята-Троіцкай царкве, дзе адбудзецца памінальная служба і пройдзе прэзентацыя кнігі “Духу магутныя чары…”, якая на днях выйшла ў менскім выдавецтве “Лімарыюс”, – паведаміў Міхась Скобла, адзін з арганізатараў урачыстасцей.
Адбудзецца памінальная служба ў зельвенскай Свята-Троіцкай царкве, якую ладзіць айцец Георгій Субаткоўскі, настаяцель гэтага храма. Ну а потым, а 12-й гадзіне, ужо каля помніка паэткі, у такім ахоўным полі царквы, будзе сама прэзентацыя, і там будуць выступаць аўтары гэтай кнігі, напрыклад, Аляксей Пяткевіч, прафесар з Гародні, паэт Юрка Голуб, айцец Іаан з Жыровіцкага манастыра, які прысвяціў Ларысе Геніюш некалькі сваіх твораў.
Пасля прэзентацыі кнігі адбудзецца ўскладанне кветак і вянкоў на магілу Янкі і Ларысы Геніюшаў, якая знаходзіцца на зэльвенскіх могілках.
* * *
У суботу, 8 жніўня, у Зэльве творчая інтэлігенцыя Беларусі адзначыць 105-годдзе з дня нараджэння вялікай беларускай паэткі-патрыёткі Ларысы Геніюш (1910-1983).
Урачыстасць пачнецца ў 11 гадзін у Свята-Троіцкай царкве, дзе адбудзецца памінальная служба. А потым, у 12 гадзін, каля помніка паэткі Міхась Скобла прэзентуе кнігу “Духу магутныя чары…”, якая на днях выйшла ў менскім выдавецтве “Лімарыюс”.
Пасля прэзентацыі кнігі адбудзецца ўскладанне кветак і вянкоў на магілу Янкі і Ларысы Геніюшаў, якая знаходзіцца на зэльвенскіх могілках. Запрашаем!
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва.