Дабрачынныя канцэрты арганнай музыкі



У Гародні адбыліся тры дабрачынныя канцэрты арганнай музыкі, сродкі ад правядзення якіх накіраваныя на дапамогу дзіцячаму хоспісу, што дзейнічае ў горадзе над Нёманам. Мерапрыемства арганізавала мясцовая евангелістычна-лютэранская  суполка ў шчыльнай супрацы з шэрагам заходніх фундацый.

kancert9

Расейскі арганіст Міхаіл Мішчанка выканаў творы такіх знакамітых кампазітараў, як Іаган Себасцьян Бах, Карл Нільсэн, Роберт Шуман і Руд Лангор. Для музыканта з Санкт-Пецярбургу ўдзел у падобным мерапрыемстве напярэдадні Раства – магчымасць дапамагчы тым, хто гэтага патрабуе:

– Гэта добрая справа. Адзіны момант засмучае – што мала гледачоў. Шкада, што гарадзенцы абышлі ўвагай гэтыя канцэрты.

Уладзімір Татарнікаў, пастар:

– У час канцэрту праводзіцца ярмарка вырабаў валанцёраў, дзяцей  з гарадзенскага дзіцячага хоспісу і іхных бацькоў. Усе сабраныя сродкі пойдуць на дапамогу хоспісу.

Евангелістычна-лютэранская  супольнасць Гародні актыўна супрацоўнічае з дзіцячым хоспісам, дапамагаючы арганізоўваць дабрачынныя акцыі.  Апошнія  два гады запар гарадзенская кірха становіцца месцам прэзентацыі мюзыкла, які дзеці-інваліды выконваюць для жыхароў горада.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня