Дачка Лявона Вольскага прэзентавала ўласны альбом



Маладая спявачка Адэля Вольская прэзентавала на TuzinFM першую паўнавартасную працу «Казка», у які ўвайшлі 9 песень.

«Гэты альбом — гісторыя майго жыцця ад падлеткавага ўзросту да сённяшняга дня. «Казка» — мікс усяго, што мяне напаўняе. Незвычайнае гучанне і досыць просты тэкст — мой падыход да песень. Я веру, што ўсе людзі, нягледзячы на руціну ды ўнутраныя перажыванні, дзесьці ў глыбіні сэрца мараць пра цуды, вось менавіта пра гэта мой альбом», — кажа аўтарка. У музычным плане «Казка» разнастайная, тут адчуваецца кантры, рэгі ды джаз.

Альбом запісваўся ў польскім Любліне, дзе цяпер вучыцца Адэля Вольская. Музычныя партыі запісалі яе аднакурснікі, якія пажадалі не называць сваіх імёнаў. Усю музыку і словы напісала сама Адэля, у кампазіцыі «Жыццё адно» суаўтарам музыкі выступіў Стас Додзь.

Спявачка ўжо мае матэрыял і натхненне да другога альбома. Што да канцэртнай прэзентацыі, яе мяркуецца правесці на пачатку лета.

Паводле tuzinfm.by