“Дай Дарогу” зайграў у цэнтры Берасця



Натоўп з некалькіх соцень чалавек можна было назіраць на вуліцы Савецкай у Берасці. Людзі сабраліся паслухаць і патанцаваць пад выступ “Дай Дарогу”.

дай_дарогу

Цікавостка ў тым, што з траўня гэтага года на Савецкай дзейнічае адмысловая сцэна пад адкрытым небам, на якой можа зайграць практычна любы жадаючы. Таму музыкі з “Дай Дарогу” скарысталі момант і зайгралі 2-гадзінную праграму ў цэнтры пад адкрытым небам. Кажа дырэктар калектыву Яўген Крук:

– Месяц застаўся да нашага штогадовага фестывалю “Supersession”. І мы вырашылі зрабіць такую замануху, падтрымаць гэтае мерапрыемства такім паўакустычным вечаровым рухам. Вось у што гэта перарасло. Каля 2-3 тысяч чалавек дакладна прайшло праз наш натоўп.

Супольныя спевы слухачоў і музыкаў чуваць было ўжо ў пачатку вуліцы. Як высветлілася, “Дай Дарогу” планавалі  заспяваць толькі ў акустычнай версіі, аднак пасля змянілі фармат і выдалі паўнавартасную рок-праграму. Кажа фронтмэн гурту Юрый Стыльскі:

– Калі збіраецца натоўп, калі людзі ведаюць, як выконваюцца арыгіналы, як яны гучаць, мяне самога гэта драйвіць – я стаўлю гэтую акустыку, бяру электрагітару і ў нас атрымліваецца паўнавартасны канцэрт. Народ, па-мойму, не расчараваны.

Саша ЗАКР – бас-гітарыст гурту “Дай Дарогу”:

Барабаншчык прапанаваў у выходныя даць акустычны канцэрт. Паглядзелі прагноз надвор’я, пятніцу і суботу праводзілі рэпетыцыю. Збольшага падрыхтаваліся.

Мерапрыемства скончылася а 23-й гадзіне вечару, аднак прыхільнікі “Дай Дарогу” не адыходзілі далёка ад музыкаў яшчэ пэўны час. У сваю чаргу калектыў не адмаўляў фанатам у супольных фота і раздачы аўтографаў. “Усё было проста выдатна!” – каротка падсумоўвалі наведвальнікі канцэрта.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота vk.com/daidarogu