Дах Будслаўскага касцёла пачнуць аднаўляць у жніўні



Работы па аднаўленні даху пацярпелага ад пажару касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе плануецца пачаць у жніўні. Такія тэрміны ў эфіры СТБ назваў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак. Да канца ліпеня павінны скончыць праектную дакументацыю.

Часовы дах касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. Фота: t.me/budslau 

«У чацвер адбылася нарада ў апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў з удзелам кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама кіраўніка праектнага інстытута, выпрацаваны падыходы па арганізацыі аднаўлення даху. Мы спадзяемся, што да канца ліпеня праектная дакументацыя будзе канчаткова дапрацавана, у жніўні ўжо пачнецца аднаўленне даху Будслаўскага касцёла. Папярэдне „Галоўдзяржбудэкспертыза” разгледзела праект, маюцца нязначныя заўвагі, якія ў працоўным парадку будуць ліквідаваны», — сказаў ён.

Паводле інфармацыі канала, ужо пачалі рыхтаваць неабходныя матэрыялы.

Пажар у касцёле адбыўся 11 траўня. Ніхто не пацярпеў. Храм удалося выратаваць. Усе рэліквіі з яго былі эвакуяваны. На мінулым тыдні былі прадстаўлены вынікі абследавання будынка. Яго тэхнічны стан прызнаны аварыйным. У муры зафіксаваны расколіны.

reform.by