Фільм Аляксея Палуяна «Смеласць» патрапіў на Берлінскі кінафестываль



Берлінскі кінафестываль — адзін з трох вядучых кінафорумаў у свеце. І гэта адно з самых вялікіх міжнародных дасягненняў айчыннай дакументалістыкі за гады незалежнай Беларусі. У адзін шэраг з гэтым можна паставіць хіба што перамогу фільма «Сума» Андрэя Куцілы на кінафестывалі IDFA у 2018 і феерычны фестывальны поспех фільма Віктара Аслюка «Мы жывем на краі» у сярэдзіне нулявых, піша тэлеграм-канал BelarusDocs.

Сёлета Берлінскі кінафестываль пройдзе ў два этапы. Першы ўжо ідзе: з 1 па 5 сакавіка праходзіць анлайн-форум для прадстаўнікоў кінаіндустрыі і кінарынак. І ў гэты ж час працуе прафесійнае журы, якое ўжо 5 сакавіка абвесціць пераможцаў кінафестывалю.

Але ўрачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў пройдзе толькі ў чэрвені 2021, падчас другога этапу, калі плануецца паказ праграмы для шырокай публікі.

Фільм «Смеласць» («Сourage») удзельнічае ў двух намінацыях — «Лепшы дакументальны фільм» і «Лепшы дэбют». Пажадаем поспеху беларускаму фільму!

BelarusDocs