Дакументальны спектакль пра ўкраінскую вайну пакажуць у Варшаве ў нядзелю, 23 красавіка
Пастаноўку ладзяць акцёры беларускага тэатра-студыі «Team Theatre», яна мае назву «How are you?» і праходзіць адначасова на беларускай, украінскай і рускай мовах з польскімі субтытрамі.
Пра тое, як і чаму нарадзіўся праект, распавядае яго рэжысёр Андрэй Новік:
– Трэба было нешта рабіць. Нешта актуальнае і менавіта пра гэтыя абставіны, пра вайну. Пачалася вайна, месяц мы дапамагалі рукамі, а потым мы зразумелі, што можам рабіць нешта праз свае непасрэдныя магчымасці. Акурат тут побач драматург, мой сябра. Ён даслаў мне гэтую п’есу. Я прачытаў, мы скарэктавалі гэта пад нашы магчымасці, і дамовіліся з Беларускім Домам, каб зрабіць чытанні.
Цалкам гук:
Тэкст пастаноўкі «How are you?» грунтуецца на асабістых успамінах людзей, якія перажылі вайну. У спектаклі распавядаюцца гісторыі ўцекачоў з Кіева і Вінніцы, трагедыя Бучы і Марыўпаля.
Паказ праекту адбудзецца ў Музеі Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя