Дакументы з архіва брыгіцкага касцёла прэзентавалі ў Гародні
У Гародні прэзентавалі пасля рэстаўрацыі дакументы з архіва брыгіцкага касцёла XVI-XX стагоддзяў. Магчымасць аднавіць архівы з’явілася дзякуючы супрацы Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея і музея Падляшша ў Беластоку.
Дакументы з архіва гарадзенскага брыгіцкага касцёла трапілі ў музей больш за 50 гадоў таму. Да гэтага яны захоўваліся ў вельмі дрэнных умовах. Лісты паперы былі моцна пашкоджаны, літаральна рассыпаліся ў руках, з цвіллю. Працаваць з архівам у такім стане было немагчыма. „Пра тое, што ў нас захоўваюцца такія дакументы, стала вядома калегам з Польшчы. Яны атрымалі грант і на працягу двух гадоў праводзілі рэстаўрацыйную працу”, – сказаў дырэктар Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка.
У ходзе рэстаўрацыі дакументы прайшлі праз працэдуру абеззаражання, іх апрацавалі адмысловым складам, важныя фрагменты страчанай паперы былі адноўлены. Сучасныя метады рэстаўрацыі дазваляюць гэта зрабіць. Пакуль адноўленая толькі невялікая частка архіва – каля 300 лістоў.
„У асноўным там утрымліваюцца манастырскія статуты, пропаведзі, малітвы і мноства гаспадарчых дакументаў – дагаворы, вопісы, ацэнка маёмасці. Калі як след заняцца, то можна ўявіць, як жылі людзі ў тыя часы”, – адзначыў Юрый Кітурка. Як і ўсе дакументы, якія паступаюць у музей, яны пройдуць навуковую інвентарызацыю, будзе складзена спецыяльная картка, сабрана інфармацыя аб тым, што там напісана.
У далейшым яны, упэўненыя ў музеі, стануць аб’ектам пільнага даследавання з боку навукоўцаў. Таксама частка архіва ўвойдзе ў вялікую выставу пад назвай „Сакральная спадчына Панямоння”, якую плануюць адкрыць у лістападзе 2018 года. Разам з выставай пройдзе навуковая канферэнцыя.
Дырэктар музея Падляшша Анджэй Ляхоўскі заявіў, што праца па рэстаўрацыі працягнецца. А супрацоўніцтва паміж музеямі плануюць вывесці на новы ўзровень. У прыватнасці, музеі выступаюць партнёрамі ў рэалізацыі праекта „Будаўніцтва рэгіянальных цэнтраў па даследаванні і захаванні помнікаў” у праграме трансгранічнага супрацоўніцтва „Польшча-Беларусь-Украіна” на 2014-2020 гады. Кошт праекта каля 1,2 млн еўра.