Далучайцеся да ўшанавання памяці Васіля Быкава!
Як ушанаваць памяць народнага пісьменніка, сумлення нацыі і першага прэзідэнта Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Ускласці кветкі разам з “Саюзам беларускіх пісьменнікаў”
19 чэрвеня “Саюз беларускіх пісьменнікаў” запрашае ўшанаваць памяць народнага пісьменніка, усклаўшы кветкі на яго магілу.
Пачатак а 12-й гадзіне на Усходніх могілках (ст.м. Маскоўская).
Паўдзельнічаць у “Быкаўскім чаяванні” на дачы пісьменніка
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на “Быкаўскія дні” ў Ждановічы, на дачу-музей Васіля Быкава (а.г. Ждановічы, вул. 6-я Дачная, д. 62) з 12-й да 18-й.
Урачыстае адкрыццё “Быкаўскіх дзён” адбудзецца 19 чэрвеня а 14-й. Падчас мерапрыемства будуць ладзіцца ганаровая высадка валошак і ўрачысты запуск “Пошты Васіля Быкава” – кожны наведнік зможа даслаць ліст са словамі пісьменніка ў любы куток Беларусі.
Акрамя гэтага цягам усіх чатырох дзён запланаваныя кінапаказы на адкрытым паветры і экскурсіі па экспазіцыі.
22 чэрвеня а 11-й на Усходніх могілках (ст.м. Маскоўская) адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак і знічоў на магілу класіка.
Выправіцца на радзіму пісьменніка
17 чэрвеня на малой раддзіме Васіля Быкава пачаўся тыдзень памятных мерапрыемстваў “На сцяжынцы жыцця”, да якога прымеркаваныя розныя мерапрыемствы, сярод якіх выставы, дэманстрацыя фільмаў пра творчасць земляка і раённы конкурс вакальных калектываў. Асноўныя з іх пройдуць у аграгарадку Кублічы, вёсцы Бычкі і райцэнтры Ушачы.
- 19 чэрвеня ў Бычках, роднай вёсцы пісьменніка, арганізуюць канцэртную праграму з тэатральнай пастаноўкай аповесці “Знак бяды”, а таксама экскурсіі па музеі-сядзібе.
- У Кубліцкай бібліятэцы ўдзельнікі “Літаратурнай гасцёўні” будуць абмяркоўваць творчасць класіка.
Адзначыць 95-я ўгодкі з дня нараджэння Быкава ў Бычках
22 чэрвеня ў Бычках а 12-й на сядзібе, у якой калісьці месцілася школа, дзе вучыўся малы Васіль Быкаў, пачнецца мемарыяльная імпрэза ў гонар пісьменніка.
Паспець наведаць экспазіцыю ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры
Яшчэ 10 чэрвеня там адкрылася літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Быкаў. Пункціры жыцця”, у аснове якой – рэдкія фотаздымкі і дарчыя аўтографы народнага пісьменніка сябрам і калегам.
Перачытаць класіка і “пераслухаць” класіка
Да прыкладу, “Парадоксы жыцця” на беларускай і рускай мовах.
Або наогул усе тамы поўнага збору твораў Васіля Быкава.
А з нядаўняга часу ў межах аўдыёпраекта “Лета з Быкавым”, запачаткаванага “Саюзам беларускіх пісьменнікаў” і kniharnia.by, у аўдыёфармаце з’явіліся тры аповесці, прычым першыя пяць раздзелаў кожнай можна вольна паслухаць па наступных спасылках: “Бліндаж”, “У тумане” і “Пакахай мяне, салдацік”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”