Дамоў вярнуцца не дазволілі



15 траўня беларускага літаратуразнаўцу, крытыку, лексікографу і педагогу Уладзіславу Чаржынскаму (1897-1974) спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння.

Уладзіслаў Чаржынскі

Уладзіслаў Чаржынскі быў з родам з Беласточчыны. Скончыў Менскую гімназію і Белдзяржуніверсітэт. Працаваў настаўнікам на Лагойшчыне, а таксама выкладчыкам у Інстытуце беларускай культуры і ў Камуністычным універсітэце Беларусі. З 1922 года пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. А з 1925 года супрацоўнічаў з часопісам “Полымя”.

Уладзіслаў Чаржынскі пад сваім уласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімамі Ул. Дзяржынскі і Улідзе друкаваў артыкулы, у якіх даваў грунтоўны эстэтычны аналіз, як асобных мастацкіх твораў, так і літаратурнага працэсу ў цэлым. Многія яго матэрыялы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, Янкі Журбы і іншым беларускім пісьменнікам, уражваюць і сёння глыбінёй і жывасцю даследчыцкай думкі, аргументаванасцю і пластычнасцю стылю. Працы Уладзіслава Чаржынскага каштоўныя сёння яшчэ тым, што ў супярэчлівы і жорсткі час канца 1920-х гадоў у сваіх ацэнках ён кіраваўся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі.

Яго вельмі любілі і паважалі Янка Купала і Якуб Колас. Якуб Колас нават запрашаў крытыка ў Мінск і прапаноўваў узначаліць ягоны літаратурны музей. Але Уладзіслаў Чаржынскі не асмеліўся вярнуцца на Радзіму, бо яшчэ працягваліся рэпрэсіі.

Супрацоўнікі Інбелкульта. Сядзіць на першым плане справа Уладыслаў Чаржынскі, 1925 г.

28 чэрвеня 1930 года Уладзіслаў Чаржынскі быў арыштаваны ДПУ БССР па справе “Саюза вызваленьня Беларусі”. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Праз 4 гады нашага земляка вызвалілі ад высылкі, але дамоў вярнуцца не дазволілі. Рэабілітавалі яго толькі пасля смерці ў 1988 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя