“Дарослая” выстава ў дзіцячым цэнтры “Маладзік”
У віцебскім цэнтры эстэтычнага выхавання ўжо 5 год існуе “дарослая” група. Жанчыны сталага веку займаюцца жывапісам пад кіраўніцтвам выкладчыцы Людмілы Дабранскай.
Сваімі навучэнкамі яна вельмі ганарыцца, бо яе “дзяўчаткі” нарэшце ўвасобілі сваю мару – маляваць, і наважыліся паказаць свае творы ўсяму гораду.
– Гэта называецца “Творчая майстэрня для дарослых”. І, шчыра вам скажу, гэта першая наша творчая выстава. Бо дзяўчаткі, нашы ўдзельніцы, лічылі сябе пакуль яшчэ не вартымі таго, каб паказваць творы іншым. Усе яны прыйшлі без аніякай мастацкай адукацыі, але дзяўчаткі за 5 год дасягнулі пэўнага ўзроўню. Вельмі любяць маляваць кветкі, вельмі любяць беларускія краявіды, нашы, родныя – бо гэта тое, чаму радуецца наша вока. Цяпер у іх ёсць магчымасць рэалізаваць сябе як творчую асобу.
Большасць выхаванак Людмілы Дабранскай – ужо ў пенсійным веку. Хтосьці з іх вадзіў у “Маладзік” сваіх унукаў, і тут даведаўся пра існаванне “дарослай” групы. А Таццяна Уладзіміраўна прыйшла сюды, каб увасобіць даўнюю дзіцячую мару.
– Я інжынер-кібернэтык, а мара жыла з дзяцінства. Так хацела маляваць, што аж калацілася, як убачу ў краме пэндзлі ды фарбы. Потым нарадзіўся сын, ён добра маляваў, паступіў у акадэмію мастацтваў, прафесійны мастак… І я, каб яго падтрымліваць, пайшла займацца. Пасылаю яму працы праз тэлефон, ён кажа: “Мамуля, трымайся! Люблю цябе”. Для мяне гэта не проста маляванне – для мяне гэта катарсіс.
Выстава “дарослай” групы – гэта беларускія краявіды, кветкі з лецішча, палявыя валошкі ды рамонкі. Жанчыны, якія маюць вялікі жыццёвы досвед, бачаць прыгажосць у звычайных, але самых блізкіх рэчах і з’явах.
Ганна Ліпка, Беларускага Радыё Рацыя
Фота аўтаркі