Дар’я Рублеўская: У цэнтры нашага кінафестывалю — тэма правоў чалавека



Першы фестываль дакументальнага кіно “KinoChronics” пачынаецца сёння, 12-га сакавіка. У цэнтры — тэма правоў чалавека.

Праходзіць фестываль у анлайн-фармаце, а ўдзел бясплатны. Цягам трох дзён гледачы змогуць убачыць адзінаццаць дакументальных фільмаў са ўсяго свету, а таксама паўдзельнічаць у дзвюх інтэрнэт-дыскусіях. А да трох фільмаў нават ёсць субтытры на беларускай мове, бо сярод арганізатараў — і беларускія праваабаронцы.

Роля жанчын у грамадскім і палітычным жыцці, каштоўнасць правоў чалавека, актуальнасць тэмы “інфармацыйнай вайны” для беларускага кантэксту – падрабязней пра “KinoChronics” з сённяшняй госцяй Рацыі Дар’яй Рублеўскай паразмаўляла наша карэспандэнтка Ева Бардзілоўская:

Галоўная тэматыка фестывалю – гэта правы чалавека, гэта дыскрымінацыя, гэта нейкія брутальныя выпадкі парушэння правоў чалавека ў свеце. Таму мы выбіралі найбольш яскравыя фільмы, якія нам падабаюцца, якія мы маглі ўзгадаць. Безумоўна, першасны адбор быў. Было больш фільмаў, але зараз, сыходзячы з цяперашняга запатрабавання, мы абралі 11 фільмаў, тры з якіх, дарэчы, маюць субтытры на беларускай мове. Напрыклад, THE FEMINISTER. Нам, беларускай камандзе арганізатараў, падалося, гэта ў сувязі з апошнімі падзеямі, з павелічэннем ролі жанчынаў у палітыцы, у грамадскім жыцці, гэты фільм будзе вельмі актуальны. Таксама, напрыклад, фільм DISCO & ATOMIC WAR пра інфармацыйную вайну і пра масавую культуру. Нам падалося, што гэта таксама вельмі блізка да нашай цяперашняй сітуацыі, да падзеяў, якія адбываюцца на вуліцах у нас зараз. Яго таксама можна будзе глядзець на мове арыгінала, але з беларускімі субтытрамі. Агулам усе фільмы дасяжныя для прагляду на мовах арыгіналу, але ёсць субтытры – расейскія і ангельскія, таксама на некаторых фільмах будуць украінскія субтытры.

Цалкам размова:

“Наш свет па-ранейшаму далёкі ад таго, каб быць справядлівым і бяспечным месцам для жыцця. Але як бы там ні было, у нас усё яшчэ ёсць мастацтва, і кіно як адзін з лепшых яго відаў. Таму мы, праваабаронцы і асветнікі з Арменіі, Беларусі, Расеі, Сербіі і Украіны, вырашылі, што было б важна прасоўваць больш добрых фільмаў з розных геаграфій. І цяпер рады запрасіць вас да прагляду і анлайн абмеркаванню некаторых з іх” – так пішуць арганізатары фестывалю “KinoChronics” на сваім сайце.

Фестываль “KinoChronics” стаў магчымы дзякуючы падтрымцы Праваабарончага фонду Human Rights Foundation.

На старонцы Беларускай праваабарончай школы можна задаваць пытанні пра фестываль.

Беларускае Радыё Рацыя