Дарыў дзецям роднае слова



Сёння спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Васіля Віткі.

Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, класік беларускай дзіцячай літаратуры Васіль Вітка нарадзіўся 16 траўня 1911 года ў вёсцы Еўлічы на Случчыне. Сапраўднае яго прозвішча Цімох Крысько. Паходзіў творца з сялянскай сям’і. бацька быў ваенным фельчарам, шукаў заробку ў Сібіры, працаваў рознарабочым на чыгунцы. З 1912 года сям’я жыла ў Омску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917-га маці разам з дзецьмі вярнулася ў родную вёску Еўлічы. Пазней вярнуўся з фронту і бацька.

Скончыўшы ў вёсцы тры класы, Цімох як выдатнік здаў экзамены экстэрнам за чацвёрты ў суседняй сямігодцы, аднак вучыцца далей не было грошай. Сам навучаў малалетніх дзяцей за харчы і невялікую прыплату. Навучаўся кавальскай працы ў кузні суседа. У 1928 годзе скончыў Слуцкую прафесійную школу, пасля працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Потым была журналісцкая праца ў заводскай шматтыражцы, рэдакцыях розных газет – бабруйскага “Камуніста”, жлобінскага “Ударніка”, сталічных “Чырвонай змене”, “Літаратуры і мастацтве”, часопісе “Полымя рэвалюцыі”. У Бабруйску Вітка пазнаёміўся з пісьменнікам Міхасём Лыньковым, што істотна паўплывала на далейшы лёс маладога пісьменніка.

Васіль Вітка ўдзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Перад другой сусветнай вайной працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюзу пісьменнікаў БССР. З прыходам вайны на беларускую зямлю працаваў у рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”, а з 1942 года – у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, быў рэдактарам масавых выданняў для акупаваных раёнаў. Супрацаваў з сатырычнымі часопісамі “Партызанская дубінка” і “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

З дня ўтварэння часопіса “Беларусь” (студзень 1944 года) Васіль Вітка працаваў яго адказным сакратаром, з 1948-га – намеснікам, з 1951-га – галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1957-74 гадах – галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”. У 1974-87 гадах быў сябрам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі “Беларусьфільм”.

Друкавацца Васіль Вітка пачаў у 1928-ым годзе. Першы зборнік вершаў “Гартаванне”  выйшаў у 1944-ым у Маскве. Затым выйшлі зборнікі паэзіі “Поўдзень”, “Вернасць”, “Ружа і штык”, “Паверка”, “Вершы”, “Беларуская калыханка”, “Праводзіны лета”, “Вышыні святла”, “Случчына”, “Трэція пеўні”, зборнік сатыры і гумару “Для дома, для альбома і трохі для эпохі”. Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак “Вавёрчына гора”, “Буслінае лета”, “Казка пра цара Зубра”, “Дударык”, “Азбука Васі Вясёлкіна”, “Казкі”, “Чытанка-маляванка”, “Хто памагае сонцу”, “Ладачкі-ладкі”, “Мы будуем метро”, “Мінскія баллады”, “Казкі і краскі”, “Госці”, “Загадка пра зярнятка”, “Дзецям” (выбраныя творы ў дзвюх кнігах), “Свята дружбы”, зборнік апавяданняў “Зайчык-вадалаз”. У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў двух тамах. Вітка – аўтар п’есаў “Прамень будучыні”, “Шчасце паэта”, прысвечанай Янку Купалу. Напісаў многа літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на этычныя і выхаваўчыя тэмы. Васіль Вітка ведамы таксама як перакладчык. У 1977-ым выдаў кнігу дзённікаў, нарысаў і апавяданняў “Дзеці і мы”, у 1982-ім – кнігу “Урокі”, у 1988-ым – “Азбука душы”. Адзін з аўтараў чытанак “Роднае слова” для першага, другога і трэцяга класаў. У 1991 годзе быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Паводле ўспамінаў унучкі, Юліі Чарняўскай, пасля незаконнага рэферэндума 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, ініцыяванага Лукашэнкам, Васіль Вітка напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання, беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме

Памёр Васіль Вітка 5 ліпеня 1997 года ў Менску.

Беларускае Рады Рацыя