Даследчык беларускай балады



У гэтыя дні Іван Штэйнер – доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францішка Скарыны, літаратуразнавец, літаратурны крытык, пісьменнік адзначае 70-годдзе.

Нарадзіўся Іван Штэйнер 10 верасня 1953 года ў вёсцы Беражное Столінскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт БДУ ў 1975 годзе. Працаваў дырэктарам школы, метадыстам абласнога Інстытута ўдасканалення настаўнікаў. А з 1978 года – у Гомельскім універсітэце імя Францішка Скарыны. Закончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую (1982) і доктарскую (1994) дысертацыі па гісторыі і тэорыі балады і славянскіх паэтычных узаемасувязях. З 1983 года — загадчык кафедры беларускай літаратуры. У 1995 годзе даследчык беларускай літаратуры атрымаў вучонае званне прафесара, у гэтым жа годзе абраны членам-карэспандэнтам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі.

Іван Штэйнер мае больш за 200 навуковых прац, з якіх звыш 20 манаграфій і калектыўных зборнікаў, 4 метадычныя дапаможнікі, адзін вучэбны дапаможнік з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дваццаць пяць гадоў літаратуразнавец з’яўляецца галоўным рэдактарам навуковага зборніка «Беларуская літаратура». Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле падрыхтаваны цыкл кніг, прысвечаных культуры Мазыра, Светлагорска і Рэчыцы. Звыш 25 гадоў доктар філалагічных навук узначальвае навукова-педагагічную школу «Рэгіянальны, агульнанацыянальны і агульначалавечы ўзроўні ў літаратуры і фальклоры: духоўная спадчына беларусаў у сусветным кантэксце».

Іван Штэйнер актыўна даследуе беларускую баладу, а таксама фальклор. Ён напісаў і выдаў шмат даследчых кніг, сярод якіх – “Беларуская балада. Вытокі жанра і паэтычная структура” (1989), “Сусвет, убачаны здалёк” (2003), “Народная міфалогія Гомельшчыны” (2003), “Балада: генезіс, эвалюцыя, перспектывы жанру” (2003) і іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя