Даследчык творчасці Янкі Купалы



23 лістапада спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўца Барыса Іофе (1918-1943).

Нарадзіўся Барыс Іофе ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. У 1937 годзе з адзнакай скончыў Горацкую беларускую сярэднюю школу і паступіў у Ленінградскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт.

У першыя дні Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у пабудове абарончых умацаванняў пад Ленінградам. У ліпені 1941 года закончыў універсітэт (дыплом з адзнакай). Працаваў на абарончым заводзе.

Напачатку 1942 годзе Барыс Іофе быў эвакуяваны з блакаднага Ленінграда, апынуўся на Валагодчыне (Расея). Пасля заканчэння Свярдлоўскага пяхотнага вучылішча ў хуткім часе па ўласнай просьбе накіраваны на фронт, дзе загінуў 15 снежня 1943 года ў баях пад горадам Радомышль ва Украіне.

Друкавацца Барыс Іофе пачаў у школьныя гады. Яго допісы і мастацкія творы былі змешчаны ў раённай газеце “Ленінскі шлях”, а таксама ў газетах “Піянер Беларусі” і “Пионерская правда”. Літаратуразнаўчай працай актыўна займаўся ў 1939-1940-х гадах. Цікавіўся беларускай літаратурай XIX стагоддзя, а таксама даследаваў творчасць Янкі Купалы. Апублікаваў артыкулы “Паэма “Тарас на Парнасе””, “Літаратурна-гістарычнае значэнне “Тараса на Парнасе””, “Лірычная паэма Купалы “Яна і я”, “Аб рамантызме Купалы” ды іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя