Даследчыку феадальнай Беларусі – 100
Доктару гістарычных навук, прафесару Васілю Мялешку 15 сакавіка споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння.
Вядомы вучоны, гісторык, педагог і архівіст Васіль Мялешка (1921-2004) нарадзіўся ў далёкім Томску, калі яго бацькі знаходзіліся ў бежанстве. Сям’я ў іх была вялікая. Але неяк перажылі бежанства і вярнуліся на родную Слонімшчыну ў вёску Мяльканавічы, дзе і прайшлі дзіцячыя і школьныя гады Васіля.
Вярнуліся Мялешкі з бежанства, калі Слонімшчына знаходзілася пад Польшчай. Не ўсе маглі тады вучыцца і скончыць нават пачатковую школу.
У хату Мялешкаў часта заглядвалі паліцыянты. Яны сачылі за старэйшым братам Васіля Уладзімірам, які належаў да камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ). Аднойчы брата паліцыянты схапілі і асудзілі на 8 гадоў. Усё гэта бачыў Васіль. Ужо ў тыя гады ў яго сфармаваліся погляды на існуючую несправядлівасць, на прыніжанае становішча беларусаў. Беззаконнасць і самавольства пілсудчыкаў у 1930-я гады вымусілі Васіля Мялешку пайсці па шляху старэйшага брата. Ён, напрыклад, быў адным з арганізатараў і актыўных удзельнікаў дэманстрацыі пратэсту вучняў Мяльканавіцкай школы супраць выкладання ў школе на польскай мове ўсіх прадметаў.
Аднойчы ў Мяльканавіцкай пачатковай школе адбыўся адкрыты ўрок для настаўнікаў Слонімскага павета. На ўроках лепш за ўсіх адказваў усё той жа актывіст Васіль Мялешка. Дырэктар Слонімскай сямігадовай школы № 4 Ежы Маеўскі сустрэўся з бацькам Васіля і прапанаваў, каб той адправіў хлопчыка на вучобу ў Слонім. Так Васіль трапіў у горад над Шчарай, дзе ў 1940-м годзе скончыў СШ № 1 і паступіў у Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. Паколькі ў той час не хапала настаўнікаў, то ён вучыўся і працаваў настаўнікам у былым Гарадзішчанскім раёне…
Але радасці было мала, бо хутка пачалася вайна. Юнак папрасіўся на фронт добраахвотнікам. Ваяваў на Волхаўскім, Ленінградскім, Паўночна-Заходнім і Другім Прыбалтыйскім франтах. Двойчы быў паранены і кантужаны. Узнагароджваўся ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеней і шматлікімі медалямі.
Пасля дэмабілізацыі з Савецкай Арміі, Васіль Мялешка працаваў на педагагічнай працы, сумяшчаючы гэта з вучобай на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. А з кастрычніка 1956 года працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук БССР, дзе прайшоў шлях ад малодшага супрацоўніка да загадчыка аддзела.
У 1961 годзе навуковец са Слонімшчыны абараніў кандыдацкую, а ў 1972 годзе – доктарскую дысертацыі. За свае гады жыцця Васіль Іванавіч напісаў звыш 250 навуковых прац і артыкулаў, прысвечаных галоўным чынам сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі ў перыяд феадалізму. Васіль Мялешка з’яўляецца адным з аўтараў буйных калектыўных прац, створаных у той час у Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук Беларусі: шматтомнай “Гісторыі Беларускай ССР”, “Гісторыі Мінска”, гістарычных нарысаў “Полацк”, “Магілёў”, “Слонім”, складальнікам шэрагу зборнікаў дакументаў па гісторыі Беларусі перыяду феадалізму і капіталізму. Па-новаму ў працах Васіля Мялешкі была раскрыта аграрная гісторыя Усходняй Беларусі ў XVI-XVIII стагоддзях.
Гісторык у свой час падрабязна разгледзеў ход антыфеадальнага паўстання народных мас у Крычаўскім старостве – буйнейшага на Беларусі. Дзякуючы Васілю Іванавічу і яго архіўным пошукам, былі знойдзены новыя дакументы, якія далі магчымасць даведацца пра лёс кіраўніка гэтага паўстання – Васіля Вашчылу.
На шырокім гістарычным фоне было паказана жыццё беларускага селяніна, а таксама тое, як люд просты падымаўся на барацьбу за сваю годнасць у другой палове XVII – першай палове XVIII стагоддзяў і ў кнізе Васіля Мялешкі і Паўла Лойкі “І ўзняўся люд просты” (Мінск, 1992).
У 1990 годзе ў Мінску з друку выйшаў вялікі том “Скарына і яго эпоха”. Гэта была першая сур’ёзная спроба комплекснага вывучэння эпохі Францыска Скарыны. І спроба ўдалася. Сярод аўтараў выдання быў і прафесар Васіль Мялешка…
На вялікі жаль, імя такога вялікага гісторыка да сённяшніх дзён у Беларусі не ўшанавана. Няма яму помніка, мемарыяльнай шыльды, не названы яго імем вуліцы ні на роднай Слонімшчыне, ні ў Мінску, дзе ён жыў, ні ў Магілёве, гісторыю якога грунтоўна даследаваў.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя