Даследчыку Крэва Аляксандру Камінскаму – 55
У Крэве на Смаргоншчыне жыве ўлюбёны і зацікаўлены ў свой родны край чалавек. Завуць яго Аляксандр Камінскі. 21 студзеня гэтаму выдатнаму краязнаўцу і гісторыку спаўняецца 55 гадоў. Напярэдадні юбілею наш карэспандэнт задаў некалькі пытанняў юбіляру пра жыццё ў старажытным беларускім мястэчку, пра ягоныя краязнаўчыя здабыткі, пра гісторыю Крэва і, наогул, пра жыццё.
– Спадар Аляксандр, раскажы, калі ласка, дзе ты нарадзіўся, што скончыў, кім працуеш?
– Нарадзіўся я і жыву ў Крэве. Я з тых раслін, якія вельмі хваравіта пераносяць перасадку ў іншае месца. Такая нелюбоў да перамены месцаў дасталася, відаць, ад бацькоў, якім нават нарадзіцца давялося далёка ад Бацькаўшчыны: маці з’явілася на свет у Амерыцы ў сям’і беларускіх эмігрантаў, а бацька – ў Расіі, як ён сам казаў: “Мікалаеўскай вайной у бежанцах”. Я ж свае пяць гадоў вучобы ў Менскім інстытуце замежных моў і тэрмін вайсковай службы ператрываў толькі па той прычыне, што ведаў – гэта часова. Трохгадовую працу ў Мілейкаўскай базавай школе на Смаргоншчыне за “эміграцыю” не лічу – гэта ўжо родная глеба, Крэўшчына. Але, калі знайшлося месца ў самой Крэўскай школе – перайшоў не раздумваючы. Працаваў настаўнікам французскай мовы і адначасова займаўся краязнаўчай працай: узяў пад сваю “апеку” школьны музей, ладзіў вандроўкі, у працы з дзяцьмі ажыццяўляў разнастайныя свае задумкі і знаходкі. Зараз настаўніцкую працу па шэрагу прычын пакінуў, але краязнаўства – гэта назаўсёды!
– Даўно ведаю, што ты даследуеш Крэва і Крэўскі замак, што ты збіраеш усё, што звязана з Крэвам, з яго гісторыяй, людзьмі, падзеямі. Якое значэнне ў нашай гісторыі, а таксама сёння мае Крэўскі замак? Чым ён адметны ў гістарычным аспекце ў параўнанні з іншымі замкамі Беларусі?
– Нягледзячы на тое, што замак – своеасаблівая візітоўка Крэва, гэта не мая любімая тэма. Пра яго ўжо столькі нерапісана! Але мяне ж больш цікавяць малавядомыя старонкі гісторыі нашага мястэчка і ваколіц. Гэтыя старонкі можа не такія значныя, але, каб не было замка і Крэўскай уніі, менавіта яны з’яўляліся б зместам гісторыі нашага краю. А так – больш значныя падзеі нейкім чынам іх “заглушаюць”, адкідаюць на другі план. Праўда, апошнім часам я ўсё больш і больш пачаў звяртацца і да тэмы замка. Аказваецца, у ёй ёсць яшчэ што асвятляць і пра што пісаць. У Літве яшчэ, па-мойму, з савецкіх часоў існуе спецыялізаваны часопіс “Lietuvos pilys” (“Літоўскія замкі”), у нас жа пра падобнае можна толькі марыць. Я свае асабістыя знаходкі пра замак, свае думкі пра яго выкладаю час ад часу ў блозе “Крэўскае мора”. Збіраюся рабіць гэта і надалей.
– Гэта цікава. А ці магчыма сёння аднавіць Крэўскі замак і ці, наогул, неабходна гэта рабіць?
– Апошнім часам можна знайсці вялікае мноства варыянтаў рэканструкцыі (ці, інакш кажучы, адноўленага першапачатковага выгляду) Крэўскага замка. Іх столькі многа і яны часам такія непадобныя адзін да другога, што губляешся: а ці наш гэта замак? Адсутнасць першапачатковых чарцяжоў дае волю фантазіі. Канечне ж, кожны аўтар хацеў бы, каб менавіта яго дзецішча было ўзята за ўзор пры аднаўленчых працах. І пачынаюць з’яўляцца розныя прыгожанькія варыянты, часта вельмі далёкія ад рэальнасці. Але адсутнасць першапачатковых чарцяжоў можа прывесці да таго, што адноўлены калі-небудзь замак, сапраўды, набудзе хоць і падагнаныя пад Сярэднявечча, але нейкія чужародныя рысы. Многія прытрымліваліся і прытрымліваюцца думкі, што яго не трэба аднаўляць поўнасцю, а толькі закансерваваць у тым выглядзе, у якім ён дайшоў да нашага часу. Гэта захавала б нейкім чынам і памяць пра падзеі, якія адбываліся навокал на працягу стагоддзяў. А кансервацыя прадухіліла б далейшае разбурэнне замка. Па-мойму, гэта быў бы найлепшы, прычым менш затратны, варыянт. Сапраўды, наўрад ці збярэцца хто калі-небудзь, хоць няцяжка было б знайсці сродкі на гэта, аднавіць да першапачатковага выгляду той жа рымскі Калізей ці, прабачце за блюзнерства, “датачыць” рукі Венеры Мілоскай. Калі ўсё ж будзе рашэнне аднавіць Крэўскі замак, то тут спяшацца не варта. Каб адрадзіць разбуранае, трэба ведаць з чаго ўсё пачыналася і які выгляд яно мела да разбурэння. Для гэтага неабходна вывучыць як мага болей дакументаў з апісаннем аб’екта, перабраць усе яго планы і чарцяжы, малюнкі і фотавыявы. Свой сціплы ўклад у гэта раблю і я.
– Ці праводзяцца ў Крэве якія-небудзь гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя сустрэчы, вечары, фестывалі? Як сёння, наогул, ушаноўваецца вялікая гісторыя Крэва?
– Па праўдзе кажучы – пахваліцца няма чым. Не сказаць, што мы зусім убаку ад цывілізацыі. Добрую справу робяць удзельнікі штогадовых летнікаў – студэнты сталічных навучальных устаноў, якія не толькі праводзяць тут пэўную працу па вывучэнню і захаванню помнікаў мінуўшчыны, але і ладзяць часам даволі цікавыя фестывалі, экскурсіі, выставы. Да нядаўняга часу літоўцы, якія пражываюць у Беларусі, амаль штогод праводзілі ў Крэве святы, прымеркаваныя да дня каранацыі Міндоўга. Было прыемна, што да іх правядзення далучаліся і мясцовыя творчыя калектывы. Праз нейкі час літоўцы пакрысе адышлі ад гэтай справы, свае ж культработнікі хоць і працягваюць традыцыю, але знікла тая “разыначка”, якая б прыдавала фестывалю сваю адметнасць і каларыт, і гэтыя мерапрыемствы пачалі рабіцца нейкімі прэснымі і нецікавымі.
– А літаратурная імпрэза “Дрэва паэзіі”, прысвечаная Уладзіміру Някляеву, які нарадзіўся ў Смаргоні, а дзіцячыя гады прайшлі ў Крэве?
– Так. З больш “камерных” падзей культурнага жыцця ў Крэве можна назваць адкрыццё некалькі год назад тут, на радзіме Уладзіміра Някляева, Дрэва паэзіі, разнастайныя пленэры для мастакоў і фатографаў. На жаль, няма ў Крэве (ды і ў Смаргонскім раёне наогул) таго асяродка (клуба, музея, выдання і т. п.), які збіраў бы вакол сябе краязнаўцаў, гісторыкаў, літаратараў, наогул творчых людзей, дзе нараджаліся б і ажыццяўляліся б ідэі, дзе можна было б вольна абмяркоўваць свае знаходкі, прыцягваць да справы іншых зацікаўленых людзей. Нешта падобнае зараджаецца ў Залессі вакол адноўленай сядзібы Агінскага, але я баюся, што і там усё хутка абрасце казёншчынай і фармалізмам.
– Аляксандр, а што цікавае знойдзена асабіста табой пра Крэва ў апошнія, напрыклад, пяць гадоў?
– Для мяне асабіста цікава ўсё, інакш я гэтым не займаўся б. Але ёсць некалькі маіх меркаванняў, знаходак і прац, якія зацікавілі нават вучоных. Як я ўжо аднойчы пісаў у блозе, адзін навуковец (Янка Трацяк з Гародні) нават параіў мне напісаць і абараніць навуковую дысертацыю па тэме мясцовай гаворкі. Гісторык Алег Дзярновіч палічыў вартым увагі маё меркаванне аб часе будаўніцтва Крэўскага замка (дагэтуль сярод спецыялістаў пытанне застаецца нявырашаным). Яўген Уласавец і іншыя зацікавіліся маёй версіяй пра першапачатковае размяшчэнне касцёла ў Крэве. Усе падрабязнасці па гэтых пытаннях не цяжка адшукаць у маім блозе.
– А раскажы што-небудзь цікавае і незвычайнае з гісторыі Крэва ці Крэўскага замку.
– Баюся, што адыму шмат часу. Можна было б расказаць і пра палтэргейст, які назіраўся ў Крэве ў 1804 годзе, і пра шматлікія скарбы, якія тут былі знойдзены альбо засталіся нераскрытымі, і пра падземны храм часоў Першай сусветнай вайны недзе пад Крэвам. Цікавае і незвычайнае можна знайсці і ў кожным крэўскім паданні, якіх безліч. Але нам для гэтага адной гутаркі не хопіць.
– Якія планы ў Аляксандра Камінскага на бліжэйшыя гады?
– Доўгатэрміновых планаў не складаю. Ёсць знаходкі – стараюся як мага хутчэй іх апрацаваць. Ёсць задумкі – адразу ж імкнуся, калі гэта ў маіх сілах, іх ажыццявіць. І заўсёды ўлічваю, дзе, у які час і з кім я побач жыву.
– Спадар Аляксандр, шчыра віншую цябе з 55-годддзем. Зычу здароўя і творчых адкрыццяў.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя