Даследчыку “Маладняка” і “Узвышша” споўнілася б 85
Беларускаму літаратуразнаўцу, паэту, навукоўцу, кандыдату філалагічных навук Івану Чыгрыну (1931- 2006) 10 красавіка споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння.
Ён нарадзіўся ў вёсцы Чамяры каля Слоніма ў сялянскай сям’і. Пасля Чамяроўскай сямігодкі вучыўся ў беларускай сярэдняй школе № 1 г.Слоніма, якую скончыў у 1950 годзе. У гэтым годзе паступіў на філфак Белдзяржуніверсітэта. Калі атрымаў дыплом настаўніка, прыехаў на радзіму вучыць дзяцей роднай мове ў Яварскай школе Дзятлаўскага раёна і ў Кракоцкай сярэдняй школе на Слонімшчыне.
У 1958 годзе Іван Чыгрын стаў аспірантам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі і з 1961 года да пенсіі працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі. У 1968 годзе чамяравец абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Станаўленне беларускай прозы і фальклор. Дакастрычніцкі перыяд.” Асобнаю кнігаю гэтая праца пабачыла свет у 1971 годзе. У ёй Іван Чыгрын упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве прасачыў працэс станаўлення беларускай прозы ў яе ўзаемаадносінах з мастацкім вопытам фальклору. У цэнтры ўвагі даследчыка былі праблемы ўзаемадзеяння творчых метадаў прафесійнай прозы і прозы народнай, а таксама пытанні кампазіцыі, сюжэта, мовы, стылю. Наогул, Іван Чыгрын шмат гадоў даследаваў узаемадзеянне фальклору і творчасці Ядвігіна Ш., Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, займаўся тэксталогіяй, склаў хроніку літаратурнага жыцця Беларусі, якая ўвайшла ў “Гісторыю беларускай літаратуры” (1968). Падрыхтаваў і выдаў асобнымі кнігамі выбраныя творы Ядвігіна Ш., Янкі Купалы, пісьменнікаў “Маладняка” “Веснаход” і іншыя.
У сярэдзіне 1980-х гадоў з друку выйшлі дзве манаграфіі Івана Чыгрына “Проза “Маладняка”. Дарогамі сцвярджэння” і “Крокі: проза “Узвышша”. У першай кнізе аўтар даследаваў праблемы развіцця беларускай прозы 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Найперш, гэта пытанні тыпізацыі, мадэліравання жыцця ў канкрэтнай, маладнякоўскай прозе, пытанні расшырэння тэматычных абсягаў, сцвярджэння прыгодніцкага і рамантычнага напрамкаў. На матэрыяле творчай спадчыны сяброў літаратурнай арганізацыі “Узвышша” Іван Чыгрын даследаваў у другой сваёй кнізе праблемы мастацкага стаўлення маладой беларускай прозы, у прыватнасці прозу Кузьмы Чорнага, Лукаша Калюгі і Андрэя Мрыя. Яшчэ адна манаграфія “Рэальнае і магчымае: проза Якуба Коласа” (1991) Івана Чыгрына была прысвечана праблеме мастацкай эвалюцыі творчасці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Аўтар паказаў шляхі эпічнага станаўлення пісьменніка ў жанры рэалістычнага апавядання, філасофска- алегарычнай прозы і ў жанры рамана.
У 1994 годзе літаратуразнавец выдаў і кнігу “Паміж былым і будучым”, прысвечаную даследаванню шляхоў станаўлення творчай індывідуальнасці класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Як бачыце, нядрэнна працаваў на службе літаратуразнаўства пісьменнік з Чамяроў. Але гэта яшчэ не ўсё. Іван Чыгрын быў яшчэ цікавым і самабытным паэтам. Ён выдаў шэраг зборнікаў вершаў. Сярод якіх – “Капеж” (1992), “Трыба” (1998), “Бераг” (1998), “Люблю вясну” (2000), “Вынікі падсумоўваліся ў панядзелак” (2001), “Пялёсткі полымя” (2002), “Фантазіі старога дзеда” (2005). Вершы, якія склалі гэтыя зборнікі, з філасофскім бачаннем прыроды і жыццёвых з’яў. Паэт знаходзіў тэмы і дэталі з блізкага яму вясковага побыту. Яны былі напісаны пра наша жыццё, хаця жыццё — гэта не толькі радасці. Таму лірычны герой ягоных паэтычных твораў заўсёды ў роздуме, у няпростым, нярэдка балючым самааналізе, галоўнае для яго — моцнае пачуццё, думка, якія шукаюць глыбіні і змястоўнасці. Паэт вёў няўрымслівы і наватарскі пошук ва ўсім. Гэтым ён быў і цікавы, эмацыянальны, новы.
На вялікі жаль, памяць пра Івана Чыгрына, як і пра многіх іншых літаратараў-слонімцаў, на радзіме не ўшанавана.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён