Даследчыку роднага краю – 75!



У панядзелак 6 верасня, кіраўніку Дзятлаўскай суполкі ТБМ, грамадска-культурнаму актывісту, былому педагогу, краязнаўцу, лаўрэату літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса Валерыю Міхайлавічу Петрыкевічу спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння.

Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч

Нарадзіўся Валерый Міхайлавіч у вёсцы Любча Наваградскага раёна ў сям’і настаўніка. У 1963 годзе ён скончыў 10 класаў Валеўскай сярэдняй школы. Як чалец зборнай каманды вобласці па лёгкай атлетыцы, быў запрошаны на пасаду настаўніка фізкультуры ў Райцаўскую СШ Карэліцкага раёна, а праз пару гадоў – у Валейскую СШ, а затым і ў СШ № 2 г. Наваградка. Праца настаўніка прыйшлася па душы. Таму завочна ў 1969 годзе скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры ў Менску.

Са жніўня 1967 года Валерый Петрыкевіч жыве і працуе ў Дзятлаве, спачатку дырэктарам мясцовай спортшколы, а затым настаўнікам фізічнай культуры ў сярэдніх школах №1 і № 3 Дзятлава. З 2006 года ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

На працягу ўсяго жыцця Валерый Петрыкевіч любіў і любіць падарожнічаць. З вучнямі СШ №1 Дзятлава не адзін раз здзяйсняў шматдзённыя водныя паходы па рэках Беларусі, Карэліі, Карпатаў, а ў складзе гродзенскіх турыстаў-воднікаў зведаў усю прыгажосць, асалоду і экстрым падарожжаў па горных рэках Каўказа, Алтая, Цянь-Шаня, Саянаў, Далёкага Усходу, Кольскага паўвострава і Паміра.

Уражаннямі ад сваіх першых школьных паходаў дзяліўся з чытачамі газет “Піянер Беларусі” і “Зорька”. Пазней дасылаў шмат артыкулаў у дзятлаўскую раённую газету “Перамога”. Падчас вайсковай службы на Балтыйскім флоце цесна супрацоўнічаў з газетай “Страж Балтыкі”. На старонках “Настаўніцкай газеты” распавядаў пра вопыт арганізацыі турысцка-краязнаўчай працы ў СШ №1 г.Дзятлава.

У апошнія гады Валерый Петрыкевіч актыўна займаецца гісторыка-краязнаўчымі справамі, даследуе і ўшаноўвае сваіх знакамітых землякоў.

Дзякуючы клопатам Валерыя Міхайлавіча на Дзятлаўшчыне ўшанаваны пісьменнікі-землякі Гарасім Прамень, Васіль Струмень і Пятрусь Граніт. У вёсцы Зачэпічы грамадскі актывіст разам з сябрамі ўстанавіў ім мемарыяльны камень. Там штогод цяпер праводзіцца Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі.

Дзякуючы Валерыю Міхайлавічу ў вёсцы Погіры ўстаноўлены і мемарыяльны камень, прысвечаны Ігнату Дварчаніну (1895-1937). А ў вёсцы Труханавічы, на доме, дзе жыў паэт Нікіфар Жальба (1898-1991), адкрыта шыльда.

Ёсць у планах Валерыя Петрыкевіча паставіць і помнік Канстанціну Астрожскаму ў Дзятлаве. Ён таксама даўно марыць з землякамі ўстанавіць мемарыяльныя шыльды ўраджэнцам Дзятлава і раёна Тамашу Жаброўскаму, Вікенцію Дмахоўскаму, Сяргею Хмары і іншым землякам Дзятлаўскай зямлі. Таму працы ў няўрымслівага краязнаўца яшчэ наперадзе шмат, нягледзячы на яго сталы ўзрост.

Зьміцер Бартосік і Валерый Петрыкевіч, сакавік, 2018 г.

Фёдар Красюк, Валерый Петрыкевіч, Уладзімір Хільмановіч

Творчая інтэлігенцыя Гарадзеншчыны, а таксама ўсе сябры ТБМ, шчыра віншуюць Валерыя Міхайлавіча Петрыкевіча з юбілеем. Жадаюць яму здароўя, сіл, цярпення, новых сустрэч з сябрамі і роднымі людзьмі, цікавых адкрыццяў і падарожжаў па роднай зямлі. Каб вы яшчэ доўга заставаліся ў дарозе, і вас радавалі жыццёвыя справы і поспехі. А мы вам будзем дапамагаць.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара