Даследуецца творчасць гарадзенскага паэта Юрыя Гумянюка



Творчасць гарадзенскага паэта Юрыя Гумянюка займела першага даследчыка. Ёй стала журналістка Таццяна Будовіч-Барадуля.

Летась яна зрабіла некалькі публікацый пра паэта, а сёлета выступіла з дакладам на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Вільні.

Таццяна адзначае, што Юры Гумянюк быў арыгінальны як у творчасці, так і ў паводзінах:

– Яго выгляд заўсёды быў адметным, з прэтэнзіяй на арыстакратызм: гарнітур, капялюш, абавязкова гальштук або матылёк. Яго паэзія, усё гэта, здзекі з афіцыёзу ды савецкага сацрэалізму – гэта яго асабістая поза.

Паводле Таццяны Будовіч-Барадулі, Юры Гумянюк імкнуўся рэалізавацца як паэт па-за межамі традыцыйнага тагачаснага беларускага літаратурнага дыскурса:

– Юра пісаў: «Мой нонканфармізм – гэта альтэрнатыва афіцыёзу, сервільнасці, сацыяльна-палітычнай кан’юнктуры і ўніфікацыі, а не традыцыі. Я нічога не збіраюся адмаўляць і разбураць, мая задача – максімальна рэалізавацца ў дадзеным часе і прасторы, не зважаючы ні на што».

Юрыя Гуменюка не стала ў 2013 годзе. Ён выпаў з дзявятага паверха жылога будынка. Прычына гэтай смерці па сённяшні дзень застаецца таямніцай. Сёлета 24 верасня яму споўнілася б 50 гадоў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя