Давайце дзяліцца радасцю



Ад біблейскіх часін найважнейшым у жыцці кожнага чалавека было і застаецца тое, каб блізкія людзі дзяліліся з ім не толькі хлебам, а і небам… Пра тое, што натхняе на творчасць Таццяну Беланогую, Алеся Камоцкага, Кастуся Герашчанку, Андруся Такінданга, Таццяну Матафонаву і Алесю Сівохіну; ад чаго мацней б’ецца сэрца Кацярыны Ваданосавай, Насты Кудасавай, Валярыны Куставай, Людмілы Шчэрбы і Аксаны Данільчык; што з’яўляецца галоўным у жыцці Алеся Бяляцкага, Паўла Падкарытава, Алега Трусава, Глеба Лабадзенкі і Васіля Дранько-Майсюка; якія Музы насяляюць творчыя майстэрні Рыгора Сітніцы, Алеся Квяткоўскага і Эдварда Галустава; з чаго пачынаюцца песні гуртоў Naviband і “Тутэйшыя”; дзеля чаго жылі і тварылі Леанід Дайнека і Ніл Гілевіч – новая кніга беларускага паэта, барда, публіцыста і выдаўца Эдуарда Акуліна “Падзяліцца поўняй”.

Дзеля таго, каб кніга як мага хутчэй пабачыла свет, усе жадаючыя могуць падпісацца на яе набыццё… Інтрыгоўная па змесце і непаўторная па форме кніга гутарак з велізарнай колькасцю ўнікальных фотаздымкаў, якая нараджалася на старонках часопіса “Верасень” цягам апошніх 10 гадоў, можа стаць вашай літаральна праз 10 дзён…

Чытачоў чакае 280 старонак якаснага, захапляльнага чытва! Ілюстрацыі да вокладкі і тытулу кнігі выканаў выбітны віцебскі мастак Эдвард Галустаў. Ідэю вокладкі ўвасобіла таленавітая дызайнерка Яўгіння Багдановіч. Таму давайце разам “Падзелімся поўдняй” Эдуарда Акуліна. І… атрымаем радасць.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя