Даведнікі пра Маладэчна і Радашковічы
У Маладэчне выйшлі з друку два даведнікі – “Славутыя людзі Маладзечаншчыны” і “Адрасы гісторыі: Маладзечна і Радашковічы”. Аўтары выданняў Міхась Казлоўскі і Іна Фяксель. Выданні пабачылі свет, дзякуючы Маладэчанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча.
Пісьменнік і краязнаўца Міхась Казлоўскі ў прадмове да “Славутых людзей Маладзечаншчыны” падкрэсліў, што знакамітыя людзі маладэчанскай зямлі былі “розныя па характару, тэмпераменту, адметныя ў сваіх грамадскіх і палітычных поглядах і прыярытэтах, але ўсіх яднала шчырая і адданая любоў да сваёй малой радзімы і вялікая заклапочанасць будучым лёсам роднай Беларусі”. А Маладэчаншчына дала Беларусі даволі шмат адметных і яркіх асобаў, сярод якіх – Мікола Абрамчык, Раман Семашкевіч, Адам Більдзюкевіч, Ванда Лявіцкая, Ян Вольскі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Янка Купала, Соф’я Кавалеўская, Бенядзікт Дыбоўскі, Леанард Ходзька, Кастусь Харашэвіч, Рыгор Семашкевіч, Янка Галубовіч і многія іншыя.
У даведніку пададзены біяграфія асобаў, іх фотаздымкі і літаратура, дзе пра гэтых асобаў можна пачытаць.
Вартая ўвагі кніга “Адрасы гісторыі: Маладзечна і Радашковічы”. У ёй аўтары распавядаюць не толькі пра знакамітых людзей маладэчанскай зямлі, але і пра тыя мясціны, дзе яны жылі, часова спыняліся, вучыліся, працавалі. Чытачы з асобай зацікаўленасцю прачытаюць пра Радашковіцкую беларускую гімназію імя Францішка Скарыны, даведаюцца пра дамы, дзе жылі Адам Більдзюкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Чарнышэвіч, Зінаіда Бандарына, Міхась Ляпеха, пра настаўніцкую семінарыю, настаўніцкі інстытут, вышэйшае пачатковае вучылішча і іншыя адрасы.
Два новыя даведнікі пра Маладэчна і Радашковічы – яшчэ адна вартая старонка ў даследаванне нашай гісторыі і культуры, навукі і літаратуры. І дзякуй іх аўтарам.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя