Давід Лісоўскі: Габрэйскі Рош Ха-Шана – шанец і для беларусаў задумацца пра лёс краіны



З вечара 6-га верасня габрэі свету распачалі святкаванне Новага году – свята Рош Ха-Шана. Невядомая большасці традыцыя прадугледжвае пачатак адліку Новага году менавіта з пачаткам восені і тоіць у сабе глыбінны сэнс.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – пісьменнікам Давідам Лісоўскім, пра тое, чаму карыснаму габрэйскі Новы год можа навучыць Беларусь, і ці будзе Лукашэнка віншаваць габрэяў Беларусі з днём Рош Ха-Шана.

РР: Наступае габрэйскі новы год, папа Францішак павіншаваў усіх габрэяў са святам. Адпаведна прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў таксама павіншаваў габрэяў сваё краіны з тымі словамі, што азербайджанскія грамадзяне габрэйскага паходжання падтрымалі краіну ў справе вызвалення Карабаху. Акрамя гэтага габрэйская абшчына паспяхова працуе над тым, каб давесці праўду пра Азербайджан да сусветнай грамадскасці. На ваш пункт гледжання, ці мажліва такое віншаванне з Новым годам ад Лукашэнкі на імя беларускіх грамадзян габрэйскага паходжання?

Давід Лісоўскі: Канешне, можа, ніхто яму не забароніць. Усе могуць.

РР: А наколькі габрэйская супольнасць, на ваш погляд, увогуле ўпісаная ў палітыку? Ці яны выбралі палітыку поўнага неўмяшальніцтва і нейтралітэту?

Давід Лісоўскі: Звычайна габрэі стараюцца быць нейтральнымі да такіх палітычных падзеяў. Гісторыя паказвае, што калі габрэі ўмешваюцца, то потым выяўляецца, як усё скончыцца, вінаваты габрэі. Таму з часам была абраная агульная такая палітыка, калі габрэі жывуць не ў сваёй краіне, то яны стараюцца не ўмешвацца ні ў ва што, каб потым не быць крайнімі.

РР: І вось у гэтыя дні, прынамсі на 6 верасня, прыпадае пачатак Новага года. Раскажыце, якія гістарычныя традыцыі святкавання гэтага свята ў Беларусі?

Давід Лісоўскі: Яны дакладна аднолькавыя во ўсім свеце. Наогул габрэйскія традыцыі амаль агульныя ва ўсіх дыяспарах якія маюцца, яны сыходзяць з адной традыцыі. І імкнуцца працягваць яе максімальна дакладна, так, як і было яно раней. Таму няма ў Беларусі нейкіх асаблівых адметнасцяў, якія б адрозніваліся ад іншых краін Еўропы, мабыць трошкі ад краін усходніх і паўднёвых, дзе проста будуць іншыя традыцыі ў ежы, харчаванні, нейкія іншыя стравы будуць прыгатаваныя. Але глабальна ўсё будзе аднолькава. Магу трошкі распавесці, пра што гэтае свята, каб было зразумела. Новы год – гэта не проста новы год як у іншых культурах. Гэта дзень, калі быў створаны першы чалавек – Адам. І з яго пачынаецца адлік часу. То бок, ён пачынае лік гадоў, і з яго стварэння ідзе наш каляндар і гэта дзень, на які Бог у нябёсах прызначае суд, на якім судзіць усе народы свету. То бок у гэты дзень, пачынаючы з вечара 6-га, у гэтым годзе, і з ранку 7-га верасня ідзе суд, на якім судзяцца ўсе народы, народы цалкам і людзі асобна, і вызначаецца, у залежнасці ад іх паводзінаў у мінулым годзе, якім для іх будзе новы год, чаго яны заслужаць, і чаго дасягнуць у новым годзе. Таму гэтае свята было б карысным не толькі для габрэяў, але і для ўсіх іншых народаў, каб у гэты дзень задумацца, зрабіць падлік сваіх паводзінаў, сваіх учынкаў, што было зроблена, і спадзявацца, што новы год будзе лепшым.

Цалкам размова:

З «Госцем Рацыі» пісьменнікам Давідам Лісоўскім размаўляла Вольга Сямашка.