„Дажынкі з рабочага стала архітэктара” Аляксандра Штэна
Так называецца падрыхтаваны вернісаж у выставачнай зале „Фестывальная” ў Гародні. Адчыніць свае дзверы наведнікам выстава, прымеркаваная да 70-годдзя архітэктара, 21-га лістапада а 17.30.
Творчы чалавек, багаты на ідэі, каб зрабіць Гародню жывым горадам, якая мае баланс між цікаўнасцю і ўтульнасцю. На жаль, рэалізаваных аб’ектаў значна меньш, чым нерэалізаваных, з сумам заўважае Аляксандар Штэн – супрацоўнік праектнага бюро архітэктуры і гарадскога будавання Гарадзенскага выканаўчага камітэта.
– Я там сабраў такія рэчы, не тое, што поўныя інфармацыі аб’екты, але з таго што было, каталог зрабіў. Такі вінегрэт. Гэтая выстава для таго, каб людзі сустрэліся, каб нейкі асяродак архітэктурны, мастацкі ўтвараўся.
Падобныя вернісажы пакліканы да абмеркавання і крытыкі грамадства, людзей заангажаваных ва ўрбаністыцы, яе ролі ў стварэнні ўтульнага асяроддзя пражывання. А таксама развязання, здавалася б, невырашальных праблемаў.
Чаму гэтак проста ўлады развітваюцца са старымі забудовамі? Бо толькі 302 гектары займае гістарычны цэнтар Гародні? Але гэта ўмоўнасці, як мяркуе Аляксандар Штэн. Чаму да гістарычнага цэнтру не належыць забудова, якая ляжыць за чыгункай? На думку Аляксандра Штэна, гэта меракаванне, якое варта змяніць у жыхароў і чыноўнікаў, сярод якіх значная частка гарадзенцы ў першым пакаленні.
– Хто вызначае, што ў Гародні каштоўнае, а што не? Вось гэта – помнік, а гэта – не. А гэты “няпомнік” пабудаваны яшчэ раней і ён прыгажэйшы. Таму што нехта правёў рысу і сказаў, што гэта гістарычны цэнтр, а побач будынкі стаяць – гэта не гістарычны цэнтр. Чыгунцы больш за 150 гадоў, а гістарычны цэнтр па ёй праходзіць.
Паводле меркавання Аляксандра Штэна, ініцыятыўных людзей бракуе, каб уключыць іншыя каштоўныя аб’екты Гародні пад ахову, ці пашырыць зону гістарычнага цэнтра, якую б зацвердзіла Міністэрства культуры. „Але жыцця аднаго чалавека, каб дамагчыся зменаў у бюракратычных працэдурах па змене межаў аховы, дакладна не хопіць,” – заўважае архітэктар.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня