Дэкада беларускай мовы і культуры
З 15 да 24 лютага ў сярэдняй школе № 7 г.Слоніма праходзіць дэкада беларускай мовы, літаратуры, культуры і мастацтва.
Да гэтага мерапрыемства ў файе школы арганізавана вялікая выстава. Асабліва прыцягваюць увагу вышываныя карціны сланімчанкі Валянціны Бондар, якая да гэтага мерапрыемства адкрыла ў школе ўласную выставу “Свет цудаў і скарбаў. Загадкавы крыжык”.
У адзін дзень, падчас дэкады, адбылася сустрэча вучняў і настаўнікаў са слонімскім літаратарам Сяргеем Чыгрыном. Госць распавёў пра свае новыя кнігі, пра тыя падзеі, якія адбываліся ў Слоніме на працягу трох стагоддзяў, пачытаў вершы, адказаў на шматлікія пытанні школьнікаў і настаўнікаў.
У гэты самы дзень усе ахвотныя атрымалі аўтографы ад Сяргея Чыгрына на ягоных кнігах і сфатаграфаваліся на памяць.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара
