Для Старога замка насталі цяжкія часы



Гарадзенскія ўлады канстатуюць, што  галоўная прычына немагчымасці ажыццяўлення рэстаўрацыйных працаў Старога замка  – адсутнасць бюджэтных сродкаў.

1z-Kopia

У выпадку, калі не будзе знойдзены знешні інвестар, замак чакаюць цяжкія часы, а  тэрміны яго канчатковага аднаўлення ніхто акрэсліць не ў стане – зазначае супрацоўнік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч:

– Галоўны дакумент, які ў нас рэгламентуе ўсе дзеянні адносна гэтых аб’ектаў – гэта Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Там вызначана прававая норма фінансавання. Усе гэтыя работы кладуцца на ўласніка.

У бягучым годзе на даследчыя працы ў гарадзенскім Старым замку было выдаткавана  каля 115 000 даляраў бюджэтных сродкаў. Яшчэ 290 000 даляраў атрымаў інстытут  “Гроднаграмадзянпраект” на распрацоўку праектнай дакументацыі па  рэканструкцыі Старога замка. Як сведчыць практыка апошніх гадоў, 90% праектаў, распрацаваных гэтай установай, не ажыццяўляюцца і застаюцца выключна на паперы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня