Дні Франкафоніі пройдуць у Беларусі 5-30 сакавіка
Дні Франкафоніі пройдуць у Беларусі 5-30 сакавіка, паведамілі ў пасольстве Францыі ў Менску. „Кожны год вясной мільёны франкафонаў усяго свету адзначаюць свята Франкафоніі і французскай мовы. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да 20 сакавіка, міжнароднага дня Франкафоніі, накіраваны на распаўсюджванне французскай мовы і франкафонных культур”, – расказалі ў дыпламатычнай місіі.
Дні Франкафоніі будуць арганізаваны пасольствам Францыі ў Беларусі пры падтрымцы канцэртнага агенцтва „Эквілібрыум Артс”, аддзялення пасольства Швейцарыі ў Менску, пасольства Канады ў Польшчы, Школы архітэктурнага мыслення для дзяцей, Белдзяржфілармоніі, МДЛУ і іншых.
Мерапрыемства стартуе 5 сакавіка канцэртам французскай групы „Le Bal des Martinne”. У гэты ж дзень пачне працаваць фотавыстаўка „Падарожжа па Франкафоніі”, якая прадоўжыцца па 28 сакавіка ў візавай зале пасольства Францыі ў Менску.
Канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова з удзелам вядомага скрыпача Нікаля Датрыкура (Францыя) і віяланчаліста Мікаэля Самсонава (Беларусь – Германія) запланаваны на 10 сакавіка ў Белдзяржфілармоніі.
Затым 14 сакавіка праграма Дзён прадоўжыцца паказам дакументальнага фільма швейцарскай вытворчасці „Цыклічны” ў сталічным кінатэатры „Піянер”. На 20 сакавіка намечаны канцэрт французскага піяніста Аліўе Мулена ў Берасцейскай філармоніі.
Адкрыццё выстаўкі фатаграфій „Позірк” 21 сакавіка пройдзе ў Музеі гісторыі горада. Дарэчы, на гэты ж дзень запланавана „Вячэра па-французску”. Гэта мерапрыемства з серыі „Смак Францыі” адбудзецца ў Беларусі ўжо чацвёрты раз. У гэтым годзе пятнаццаць беларускіх рэстаранаў (14 – у Менску і 1 – у Гомелі) і кулінарная школа прымуць удзел у французскай вячэры.
Гала-канцэрт у гонар Дзён Франкафоніі запланаваны на 28 сакавіка ў МДЛУ. На гэту ўрачыстасць запрошаны школьнікі, іх бацькі, выкладчыкі французскай мовы ў беларускіх школах, а таксама ўсе, хто любіць французскую мову і гаворыць на ёй. Каля паўсотні дзяцей і студэнтаў прадставяць сваё майстэрства на сцэне. На цырымоніі будуць уручаны прызы пераможцам конкурсу „Маладога пісьменніка на французскай мове”.
29 сакавіка пройдзе сеанс „Пытанняў свету” ў Французскай медыятэцы – своеасаблівае падарожжа па Франкафоніі. 30 сакавіка там жа адбудзецца паказ фільма „Недагледжаная галава”.