Дні культуры Беларусі ў ААЭ пройдуць з 29 студзеня па 2 лютага
Дні культуры Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах пройдуць з 29 студзеня па 2 лютага з мэтай развіцця і ўмацавання міжкультурных сувязей паміж дзвюма краінамі.
Афіцыйную дэлегацыю ўзначаліць міністр культуры Беларусі Юрый Бондар. Культурная праграма сфарміравана з выступленняў дзяржаўнага камернага аркестра Белдзяржфілармоніі, экспанавання выстаўкі „Васільковы мост” мастакоў Наталлі і Рыгора Івановых, а таксама ўдзелу трох майстроў народнай творчасці і прадстаўлення турыстычнага патэнцыялу Беларусі Нацыянальным агенцтвам па турызме Міністэрства спорту і турызму.
У афіцыйнай праграме візіту прадугледжаны шэраг сустрэч з афіцыйнымі асобамі ААЭ, у час якіх будуць абмяркоўвацца пытанні культурнага супрацоўніцтва і турызму, арганізацыі канцэртаў і іншых мерапрыемстваў з удзелам беларускіх артыстаў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Таксама запланавана сустрэча з дырэктарам Дэпартамента па турызме ААЭ.