Добраўпарадкаванне могілак у Пінску



У Пінску на старажытных могілках, якім вось ужо 200 год, пачаўся чарговы сезон добраўпарадкавання. Пяць год таму мясцовыя ўлады падзялілі могілкі на некалькі сектароў і замацавалі за імі арганізацыі горада – прамысловыя прадпрыемствы, установы адукацыі і культуры.

Такая праца – гэта важны выхаваўчы момант, – кажа жыхарка Пінска, якая трэці год запар прымае ўдзел у добраўпарадкаванні:

– Такая спроба прыцягнуць увагу да могілак як да часткі горада, як да часткі нашага жыцця. І, мне падаецца, тут вельмі вялікі выхаваўчы момант. Таму што людзі, якія прыходзяць спачатку, можа быць, у першы раз, можа быць, пад прымусам хтосьці прыйдзе, а можа таму, што яго абавязалі. Але пасля таго як яны прыбяруць і ўбачаць плён сваёй працы, будуць працаваць больш плённа.

На старажытных могілках Пінска знайшлі адвечны спачын удзельнікі вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў, жаўнеры Першай і Другой Сусветных войнаў, вядомыя грамадскія, рэлігійныя дзеячы і дзеячы культуры, чые імёны знакавыя не толькі для Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя