Дом друку ў трэці раз будзе выстаўлены на аўкцыён
Прызначаны на 30 снежня 2019 года аўкцыён па продажы гістарычнага будынка Дома друку ў Менску (праспект Незалежнасці, 79) не адбыўся, паведамілі БелаПАН у камітэце «Менскгармаёмасць».
Як растлумачылі ў камітэце, нягледзячы на тое што некалькі кампаній праявілі цікавасць да будынка і іх прадстаўнікі прыязджалі яго аглядаць, ні адной заяўкі на ўдзел у паўторным аўкцыёне са зніжэннем кошту на 20% пададзена не было.
Паводле папярэдняй інфармацыі, наступны аўкцыён будзе прызначаны на люты са зніжэннем пачатковага кошту на 50%.
Раней планавалася, што гэты помнік архітэктуры эпохі канструктывізму, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, будзе прадавацца па рынкавым кошце з заключэннем дагавора арэнды зямельнага ўчастка. Пачатковы кошт будынка склаў прыблізна 7 млн рублёў. З улікам зніжэння пачатковы кошт складзе 3,5 млн рублёў.
Агульная плошча Дома друку, які доўгі час не выкарыстоўваецца, – 3.558,6 кв. м, плошча зямельнага ўчастка – 0,1711 га. Функцыянальнае прызначэнне нерухомасці вызначанае як адміністрацыйна-дзелавое.
Будынак быў узведзены ў 1929–1935 гадах для размяшчэння друкарні, Белдзяржвыда, Белпаліграфтрэста. У 1959 годзе быў пабудаваны рэдакцыйны корпус (праспект Незалежнасці, 77). У 1963 годзе з боку вуліцы Сурганава быў збудаваны цэх глыбокага друку, у 1975-м – корпус афсетнага друку, а таксама культурна-бытавы корпус з клубам і сталовай. У канцы XX стагоддзя ў будынку размяшчалася выдавецтва ЦК КПБ, рэдакцыі мноства газет (у прыватнасці «Звязда», «Советская Белоруссия») і часопісаў.
Найстарэйшая частка будынка мае П-падобную форму. Апорныя сцены ўзведзеныя з цэглы, нагрузка ад жалезабетонных перакрыццяў утрымліваецца жалезабетоннымі калонамі-слупамі. У аснове архітэктурнага рашэння будынка ляжыць спалучэнне розных аб’ёмаў. Асноўным акцэнтам зʼяўляецца вежападобная кутняя частка з кутняй лоджыяй на першым паверсе. Плоскасць крыла, якое выходзіць на праспект, раздзеленая буйнымі аконнымі праёмамі.