Дом-музей Якуба Коласа адзначыць 65-годдзе



Дом-музей Якуба Коласа ў Менску 16 жніўня адзначыць 65-гадовы юбілей.

Статус адзінага мемарыяльнага музея-сядзібы ў Менску вызначае яго ўнікальнасць сярод іншых літаратурных музеяў беларускай сталіцы. Сёння асноўны фонд музея налічвае каля 33 тысяч адзінак. Ён захоўвае асабістыя рэчы песняра і яго сям’і, кнігі, рукапісы, дакументы, творы выяўленсага мастацтва, што ўвасабляюць асобу народнага паэта і герояў Якуба Коласа. Музей быў заснаваны 16 жніўня 1956 года, а адкрыты для наведвальнікаў 4 снежня 1959 года.

Да юбілею дома-музея Якуба Коласа ўжо цяпер наладжваецца шэраг розных мерапрыемстваў. Найперш падрыхтавана і ажыццяўляецца шмат праектаў для школьнікаў і для моладзі. А гэта сваоеасаблівыя прэзентацыі, квэст-гульні, віктарыны, майстар-класы, тэматычныя заняткі, экскурсіі, выставы, сустрэчы. Пры папярэднім заказе ў музеі можна адзначыць выпускныя вечары і вяселлі ў доме Якуба Коласа. А раней сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч даваў маладым блаславенні на шчаслівае сямейнае жыццё.

Свой 65-гадовы юбілей “коласаўцы” адзначаць годна і цікава, таму яны заўсёды чакаюць да сябе ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй беларускай літаратуры і творчасцю песняра Якуба Коласа.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя