Дом Уладзіміра Караткевіча паставілі на сігналізацыю



Дом Караткевiча ў Воршы стаiць на сiгналiзацыі. Слядоў музейнай дзейнасці няма. Узімку ў дом прыходзіў чалавек, які прапальваў печку. Яшчэ адбыліся змены – ад смецця расчышчаны двор суседняга дому – Казловых, які прадпрымальнік Балабін выкупіў разам з домам сям’і Уладзіміра Караткевіча.

Дом сям’і Караткевічаў у Воршы, фота – 2 красавіка 2019 года.  

Прадпрымальнік абяцаў перадаць дом музею Уладзіміра Караткевіча ў Воршы. Варта адзначыць, што экспазіцыя ў цэнтральным музеi Караткевiча занядбаная, з 90-ых гадоў не аднаўлялася, а цяпер там камерцыйная выстава масак – да 15 красавiка. 

Менавіта гэты дом падрабязна апісаны ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць”. Твор мае падназоў “Раман амаль што сентыментальны. Першы раз быў надрукаваны ў 1962 годзе пад назвай “Леаніды не вернуцца на Зямлю”. Галоўны герой “Раману амаль сентыментальнага” прыязджае ў родны горад, які ў рамане мае назву Востраў. Горад Востраў цалкам адпавядае Воршы. Вось цытата: “Вуліца адным канцом ўпіралася ў галоўную вуліцу, другім у Дняпро. Ён ішоў вельмі павольна, здзіўляючыся, як кожны раз, якімі маленькімі сталі дамы, якімі высокімі, ў параўнанні з імі сады. Яшчэ здалёк, за чатыры хаты, пачуў усхваляваны радасна-залівісты брэх куртатага Тобса. Калі ён штурхнуў фортку і прайшоў алейкаю да ганка, у адным акне загарэлася святло: маці пачула брэх, адразу ўсё зразумела і ўстала. Ён не паспеў нават пазваніць, як дзверы адчыніліся. Маці стаяла перад ім у пуховай хусціне, накінутай на плечы. І ён пераступіў парог. Позна ўначы, засынаючы ў сваім пакойчыку, ён доўга слухаў подыхі начнога ветру, сачыў, як святло вулічнага ліхтара цьмяна скача паміж яблынь, пахаваных у снезе. Гэта была Радзіма роднае гняздо, тое што нельга ўзяць ад чалавека, хіба толькі разам з жыццём. Ён змежыў вочы ў зіхценні вогненых плям паплылі перад ім абліччы. І яны таксама былі Радзімай: усе тыя, што адыйшлі, усе тыя, што яшчэ ідуць поруч, усе тыя, што яшчэ будуць”.

Беларускае Радыё Рацыя