«Доўгая дарога дадому» – імпрэза ў Бычках у гонар Васіля Быкава



19 чэрвеня ў роднай вёсцы Народнага пісьменніка і грамадскага дзеяча Васіля Быкава адбылася сустрэча па ўшанаванні яго памяці. Імпрэзу ладзілі ўшацкія ўлады.

Альтэрнатыўная імпрэза, якую ладзіць штогод дэмакратычная супольнасць, сёлета не праводзілася ў сувязі з пандэміяй каронавірусу. Але ў Бычкі прыехалі ўсё ж прадстаўнікі Руху «За свабоду».

Кажа кіраўнік абласной недзяржаўнай арганізацыі «Самакіраванне і грамадства», сябра Руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў:

– Дзякуй Богу, што ўлады ўсё ж такі вырашылі правесці імпрэзу. Таму што, калі мы сюды ехалі, мы ведалі, што не будзе вялікага фэсту, як заўсёды. Усе гэтыя гады з 2004 года рыхтавала мая арганізацыя ўсе гэтыя фэсты. А з 2007 года да нас далучыўся Рух «За свабоду». Але так як сёлета такая сітуацыя з пандэміяй, то мы вырашылі, што гэта немэтазгодна, таму што любое вялікае мерапрыемства – гэта шмат людзей, і ёсць небяспека.

На імпрэзе ў Бычках прысутнічала каля 20 чалавек, але, як аказалася, не ўсе былі пажаданымі гасцямі. Намесніца старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч хацела забараніць прысутнічаць на імпрэзе незалежным журналістам Таццяне Смоткінай і Змітру Лупачу.

На фота: Алена Пашковіч – у цэнтры 

Аргументавала гэта Алена Пашковіч тым, што ўлады іх сюды не запрашалі, а журналісты ў іх не ўзялі дазвол на тое, каб прысутнічаць на імпрэзе:

– Калі вы нашы госці, вы павінны былі, як мінімум, заявіцца пра тое, што вы ў нас будзеце. Мы павінны разумець, хто з намі.

Таццяна Смоткіна: Мы вам прадставіліся. Гэта закрытая імпрэза?

– Сядайце.

Сустрэча ў Бычках пад назвай «Доўгая дарога дадому» была кароткай. Падчас яе зачытваліся ўрыўкі з кнігі Васіля Быкава, Сяргея Законнікава і Рыгора Барадуліна. Таксама гучалі і спевы, частка з якіх была на расейскай мове.

Напрыканцы імпрэзы намесніца старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч падзякавала арганізатарам за імпрэзу і сказала, што «тэкст сцэнару яе дастаў да пят».

Беларускае Радыё Рацыя