Драматург у Слоніме расчуліўся да слёз
Калектыў Слонімскага драматычнага тэатр наведаў пісьменнік і драматург з Гомеля Васіль Ткачоў. Драматург паглядзеў спектакль “Белы ліст”, які па яго п’есе паставіў галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец. Разам з драматургам паглядзець спектакль прыехалі педагогі з Баранавіч і работнікі Бялыніцкага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Жылкамгус”.
Спектакль “Белы ліст” у Слоніме з’яўляецца своеасаблівай сенсацыяй тэатральнага сезона. Як і сама ўнікальная п’еса, так і спектакль, даўно зацікавілі гледачоў. Але шырокі пракат пастаноўкі ажыццявіць не дае пакуль каронавірус. Тым не менш, паглядзець спектакль жадаюць многія. Дык чым захапіла прэм’ера спектакля гледачоў? Сюжэт яго вельмі незвычайны. У адным невялікім раённым гарадку застаўся апошні франтавік Другой сусветнай вайны. Пра гэта зусім выпадкова даведалася кіраўніцтва райцэнтра. І каб неяк аддзячыць яму, мясцовыя ўлады даюць апошняму франтавіку чысты ліст паперы: прасі, паважаны, усё, што хочаш. Дадзім. Ты – заслужыў… І што ж папрасіў франтавік? Пра гэта, а таксама пра адносіны дзяцей і бацькоў, пра павагу моладзі да старэйшага пакалення і ішла гутарка ў новым спектаклі.
Калі спектакль закончыўся, гледачы не спяшаліся пакідаць глядзельную залу і доўга не адпускалі артыстаў. Многія так перажывалі за сваіх герояў, вобразы якіх выдатна стварылі артысты тэатра, што былі бачны слёзы на іх вачах. Апладысменты і кветкі ў той дзень сталі лепшай падзякай для артыстаў, драматурга і рэжысёра. Але найбольш пытанняў выпала на долю драматурга Васіля Юр’евіча Ткачова. Адно з іх гучала так: “Ці спадабаўся Вам спектакль?”. “Я так расчуліўся, што слёзы з вачэй цяклі, вось хусцінка мокрая ўся. Гэта адна з лепшых сцэнічных пастановак маіх п’ес”, – прызнаўся драматург Васіль Ткачоў.
Пасля спектакля яшчэ доўга ішло яго абмеркаванне, гутаркі з Васілём Ткачовым, артыстамі, работнікамі тэатра. І, вядома ж, кожны пажадаў сфатаграфавацца на памяць.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара