Драўляныя скульптуры па творах Коласа і Мележа створаць у Ляскавічах



Абласны конкурс драўлянай скульптуры „Ажыўшая даўніна” пройдзе ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна з 5 па 14 жніўня, паведамілі ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці.

У пленеры бярэ ўдзел 11 майстроў з розных куткоў рэгіёна. Самы малодшы з іх 1988 года нараджэння, найбольш вопытнаму ўдзельніку 65 гадоў. На працягу 10 дзён яны будуць ствараць па ўласных эскізах па дзве скульптуры. Адна з іх павінна быць вышынёй да 1,5 м, другая – да 1 м. Тэматыка гэтага пленэра прысвечана матывам аповесці „Дрыгва” і драмы „У пушчах Палесся” Якуба Коласа, якія расказваюць пра партызанскі лёс Дзеда Талаша, а таксама трылогіі Івана Мележа „Палеская хроніка”.

Экспертная камісія пры ацэнцы работ будзе ўлічваць мастацкі ўзровень скульптур, якасць тэхналагічных прыёмаў разьбы, арыгінальнасць вобразаў. Лепшых назавуць у намінацыях „За высокае майстэрства і мастацкі густ”, „За лепшы мастацкі вобраз”, „За лаканізм і выразнасць твора”, „За захаванне і творчае развіццё традыцый разьбы па дрэве”, а таксама ў персанальных намінацыях, заснаваных аргкамітэтам.

Гэты конкурс, які праводзіцца раз у два гады, стане ўжо шостым па ліку. 

belta.by