Кінафэст “Бульбамуві” завершыўся
Скончыўся варшаўскі фестываль беларускага кіно “Бульбамуві”. Сёлета журы прысудзіла першае месца стужцы “Вартаўнік” Віктара Красоўскага. Рэжысёр адзначае, што гэта яго першы фестываль, а ў вольным доступе фільм можна будзе паглядзець праз год:
– Я задаволены. Людзям спадабалася, гэта добра, што спадабалася. Праца ішла два гады.
РР: – Калі фільм з’явіцца ў вольным доступе.
– Я думаю, можа праз год. Пачынаецца фестывальнае жыццё стужкі. Гэта быў першы фестываль – і ўжо ўзнагарода.
Уладальніцай срэбнай бульбы стала Дар’я Юркевіч са стужкай “Баба, Ваня і каза”. Яна кажа, што фільм атрымаўся рэалістычным, і гэтак было задумана:
– Мне, шчыра кажучы, складана сказаць, адкуль гісторыя прыходзіць. Саму гісторыю я прыдумала за 15 хвілін. Гэта была ідэя, зрабіць фільм падобным да дакументальнай стужкі. Гэта ідэя вельмі малабюджэтнага кіно. Як зняць кіно, каб яно добра выглядала. І яшчэ, каб у нас камера не вельмі рухалася. Я спадзяюся даслаць фільм на некалькі фестываляў. Я спадзяюся, калі нічога не зменіцца, то ён будзе на “Лістападзе”, на нацыянальным кінааглядзе ў гэтым годзе.
Бронзавую бульбу прысудзілі стужцы “Рэканструкцыя бяссоніцы” Нэлі Васілеўскай, студэнтцы Беларускай Акадэміі Мастацтваў, рэктар якой, дарэчы, рэкамендаваў Нэлі не ехаць у Варшаву ды не ўдзельнічаць у фестывалі.
* * *
У Варшаве працягваецца фестываль беларускага кіно “Бульбамуві”. У другі дзень адбыўся першы этап паказу конкурсных фільмаў, а таксама былі паказаны тры паўнаметражныя стужкі.
“Кіно ў Беларусі прарастае знізу, а фестываль “Бульбамуві” з’яўляецца месцам зборам якасных стужак”, – зазначае сябра журы, кінакрытык Андрэй Расінскі:
– Фестываль цяпер грае роль стартавай пляцоўкі, назапашвання якасных твораў. Чацвёрты год гэта адбываецца і бачна як расце ўзровень. І ўсё больш людзей удзельнічае ў гэтым, усё больш крункаў, жанраў. І гэта радуе.
Ліза Галаўко, валанцёрка кінафестывалю. Яна цікавіцца беларускай культурай, так як сама мастак і навучаецца ў мастацкай акадэміі. Ліза лічыць, што беларускае кіно жыве, але хацелася б, каб новыя беларускія фільмы былі даступныя гледачам не толькі ў межах фестывалю.
– Я лічу, што яно больш, чым жывое нават. Толькі мне хацелася бы, каб была магчымасць паглядзець некаторыя новыя беларускія фільмы не толькі ў межах фестывалю, але і на працягу ўсяго года. Каб было больш дыскаў, каб яны больш з’яўляліся ў інтэрнеце. Некаторыя рэчы хацелася бы паглядзець і другі, і трэці раз.
Пётр Дудановіч – твар фестывалю. Перад кожным паказам фільмаў з’яўляецца кароткі ролік з ягоным удзелам, які захапляе гледачоў так, што воплескі гучаць з хвіліну.
Беларускае Радыё Рацыя запыталася ў Петруся, як яму ўдаецца так доўга ўтрымліваць бульбу.
– Я трэніраваўся тры месяцы… Зараз я спрабую, як з мехам бульбы, але не ведаю, пакуль яшчэ трэніруюся… Да наступнага фестывалю.
У апошні дзень фестывалю – у нядзелю а 12.00, можна будзе ўбачыць стары беларускі фільм “Усходні калідор”, а ўжо вечарам будуць падведзены вынікі конкурсу і ўручаныя ўзнагароды.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя