Другі год прэмія «Дэбют» не будзе прысуджацца ў намінацыі «Паэзія»



Другі год запар літаратурная прэмія «Дэбют» не будзе прысуджацца ў намінацыі «Паэзія». Летась кнігі, якія ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі ў намінацыі «Паэзія», атрымалі толькі заахвочвальныя прызы. Сёлета журы прэміі прыняло рашэнне ўвогуле не вызначаць шорт-ліст і пераможцу ў намінацыі «Паэзія». Лаўрэатаў назавуць толькі ў намінацыях «Проза» і «Пераклад».

Сярод вылучаных на прэмію — навапалачанін, пашукавік гістарычных артэфактаў Іван Стома за кнігу «Па жывых слядах даўно памерлых продкаў». Зараз ён працуе над другой кнігай.

— Хацелася б разгарнуць пытанні, якія былі не вельмі падрабязна закранутыя ў гэтай кнізе, хацелася б раскрыць з-за чаго я ўсё ж такі пачаў гэтым займацца. Кніга будзе складацца з дзвюх частак: у першай я хацеў бы крануць гэтую тэму, а ў другой — такую тэму як знаходкі, бо па пытаннях ад іншых людзей адчуваецца зацікаўленасць.

Пераможцы прэміі ў кожнай з намінацый атрымаюць чэк ад Фонду «Вяртанне» на суму, эквівалентную 2000$ паводле курсу Нацыянальнага банка Республікі Беларусь.

Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам «Вяртанне» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя