Друйскі мастацкі пленэр прысвяцілі Скарыну



З 22 па 30 ліпеня ў Друі, што на Браслаўшчыне, у кляштары пры парафіі Святой Тройцы пройдзе трэці міжнародны мастацкі пленэр.

У пленэры прымаюць удзел сорак прафесійных мастакоў з Беларусі і замежжа.

Асноўная мэта пленэру ў старажытных мурах — дыялог рэлігіі і мастацтва, пошук агульнай гамы, дэталізацыя адценняў сугучча і сумоўя.

2017 год з’яўляецца асаблівым. Роўна 500 год таму беларусы атрымалі першую друкаваную кнігу. Гэта была кніга, што злучыла ў сабе і спрадвечную мудрасць, і ацаленне разам – Біблія.

Сёлетні летні Друйскі мастацкі пленэр не можа не ператварыцца ў СКАРЫНЭР, не ўзняць тэму важнай падзеі і гонару для нашай нацыі – перакладу Бібліі Францішкам Скарынам.

30-га ліпеня адбудзецца выстава мастацкіх працаў па выніку пленэру. На вернісаж, што распачнецца а 10.00 у будынку пабернардзінскага кляштару, будзе доўжыцца на працягу аднаго дня, запрашаюцца ўсе жадаючы.

Друя знаходзіцца ў памежнай зоне, усім яе гасцям, грамадзянам Рэспублікі Беларусь неабходна мець пры сабе пашпарт пры ўездзе.

Беларускае Радыё Рацыя