Дубатоўка: Кніга пра людзей і іх сталасць
Гарадзенскі пісьменнік, кіраўнік абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка выдаў у свет новы твор.
Кніга мае назву “Сімвал Веры” і, па словах пісьменніка, паказвае чалавечыя адносіны да рэлігіі:
– За многа гадоў літаратурнага жыцця назбіралася шмат матэрыялаў, якія падымаюць тэму чалавечых адносін да рэлігіі і людзей, якія жывуць з рэлігіяй увесь час. І гэты момант якраз, калі чалавек усталёўваецца ў сваёй веры, альбо наадварот – адыходзіць ад яе, вось гэтае вастрыё адносін з рэлігіяй і наадварот, якраз адбіваецца ў кнізе “Сімвал Веры”. Чаму менавіта “Сімвал Веры”? Гэтая кніжка ні ў якім разе не рэлігійная. Яна мае толькі сугучнасць такую і тэмы, блізкія да чалавечага выбару.
Для настаяцеля гарадзенскага Свята-Пакроўскага сабору пратаірэя Георгія Роя гэта кніга паказвае веру чалавека ў Бога:
– Я з цікавасцю прачытаў гэтыя апавяданні, якія злучаныя адной тэмай, – тэмай веры чалавека ў Бога. І вось гэта праблематыка судакранання да рэлігійнасці чалавека з цяжкім жыццём. Чалавек трапляе ў розныя крытычныя сітуацыі. Як спрацоўвае яго рэлігійнасць, яго вера? І гэта кніжка, якая, мабыць, паказвае сапраўдную ролю веры ў жыцці чалавека.
Валянцін Дубатоўка абяцае, што ў бліжэйшы час кніга будзе прэзентавана ў Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня