Два гады без Міхася Шавыркіна
Нават і не верыцца, што прайшло ўжо два гады, як сярод нас няма Міхася Шавыркіна – найвыдатнейшага чалавека, шчырага беларуса, адукаванага і таленавітага. Яго не стала 5 ліпеня 2016 года. Гэта была і застаецца да сённяшніх дзён найвялікшая страта, якую панесла беларуская інтэлігенцыя, філалогія, журналістыка, літаратура, культура.
Міхась Шавыркін нарадзіўся 15 верасня 1947 года ў вёсцы Дзяніскавічы Жлобінскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у “Беларускай энцыклапедыі”, у часопісе “Народная асвета”. А з 1987 да 2006 года з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса “Роднае слова”. Пры ім наклад выдання даходзіў ад 3,8 да больш за 10 тысяч асобнікаў.
Амаль 20 гадоў Міхась Швыркін вёў на старонках газеты “Звязда” свайго роду анталогію беларускай песні. Чытачы мелі магчымасць атрымаць тэксты і ноты вядомых і любімых усімі песень, а таксама даведацца гісторыю іх стварэння.
Міхась Шавыркін заўсёды быў жаданым госцем і ўдзельнікам розных фэстаў, сустрэч, юбілейных мерапрыемстваў. Ён часта прыязджаў у Зэльве, каб ушанаваць памяць пра Ларысу і Янку Геніюшаў.
Калі я скончыў Белдзяржуніверсітэт і прыехаў на Слонімшчыну працаваць настаўнікам, ён мне прыслаў пісьмо і прасіў напісаць пра тое, як мне, маладому настаўніку, працуецца ў вясковай школе. Я напісаў, і Міхась Мікалевіч апублікаваў мой матэрыял у часопісе “Народная асвета”. А потым ён узначальваў “Роднае слова”. Гэта быў цэнтр беларускай філалогіі, дзе часта збіраліся цікавыя аўтары часопіса, дзе вяліся гутаркі пра роднае слова, дзе друкавалі свае творы амаль усе лепшыя пісьменнікі Беларусі.
Міхась Шавыркін, Сяргей Чыгрын, Юрка Голуб, Уладзімір Някляеў і Аляксей Пяткевіч у Зэльве каля бюста Ларысы Геніюш.
Міхась Мікалаевіч ніколі не мінаў і мой Слонім, і маёй кватэры. Я і цяпер бачу, як ён, абняўшы маю маці на канапе, спявае ёй беларускія народныя песні. А маці мая слухала і пыталася, а дзе ж вы, хлопцы, узялі такога светлага і харошага чалавека. А калі я сказаў маці два гады таму, што памёр Міхась Шавыркін, яна ўвесь дзе плакала і прыгаворвала: “Лепш бы я памерла, а ён няхай бы жыў. А я ж яшчэ хацела з ім паспяваць і выпіць чарачку”.
Мама жыве. І сёння мы з ёй зноў прыгадалі Міхася Мікалаевіча. І будзем згадваць яго заўсёды.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя