Два хоры з Беларусі выступяць на міжнародным конкурсе ў Беластоку
У сталіцы Падляшша стартуе І Міжнародны конкурс хораў “Cantu Gaudeamus”.
22 кастрычніка ў конкурсных слуханнях выступіў менскі хор “Маёвая Кветка”. Заўтра на сцэну ў актавай зале Палаца Браніцкіх выйдзе фальклорны калектыў “Вербіца” з Менска. Абедзве групы прадстаўляюць польскае асяроддзе ў Менску.
Таму дырэктар хора “Маёвая Кветка” Аляксандр Шыманскі разлічвае на цёплы прыём беластоцкай публікі.
– Спадзяемся, што цудоўная польская культура не абыякавая нікому на гэтай зямлі, у тым ліку і ў Беларусі, бо мы – братэрскія народы, і ў нас агульная гісторыя, агульная культура, агульныя песні. Стараемся несці гэтую культуру: беларусам – польскую, палякам – беларускую.
Пачатак канцэрта ўсіх удзельнікаў конкурсу сёння а 18-й гадзіне. У актавай зале палаца Браніцкіх можна будзе таксама пачуць хор “Маёвая кветка” і фальклорны калектыў “Вербіца”.
Прэзентацыя вынікаў заўтра а 16-й гадзіне.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота bialystokonline.pl