Ігар Логвінаў: Мы зробім мерапрыемства, прысвечанае людзям, якія выратавалі Кнігарню (абноўлена)
Кнігарня Логвінаў працягне працаваць. Прадпрыемства і пляцоўка апынуліся пад паргозай пасля таго, як Эканамічны суд Менску прысудзіў штраф.
Памяшканне па адрасе Праспект Незалежнасці 37а – гэта ўжо даўно значна больш, чым Кнігарня, адзначаюць наведнікі і літаратары.
Як кажа кіраўнік Кнігарні і аднайменнага выдавецтва, Ігар Логвінаў, усе патрэбныя грошы ўжо сабраныя:
– У нас ужо ёсць уся сума. Мы павінны да 16-га красавік сплаціць першую палову сумы, а а 16-га траўня цалкам разлічыцца з гэтым штрафам. Дзякуй усім-усім- усім. Людзей, якія нам дапамагалі вельмі шмат. І мы зробім асобнае мерапрыемства, прысвечанае людзям, якія выратавалі Кнігарню.
Грошы патрэбныя для выплаты штрафу Кнігарня Логвінаў сабрала, дзякуючы падтрымцы прыватных асоб і шматлікіх кампаній, а таксама онлайн-праекту SaveLohvinau.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Кнігарня “Логвінаў” гатовая ў тэрмін выплаціць ўсю неабходную суму штрафу. На сайце кампаніі ў падтрымку выдавецтва пазначана, што сабрана амаль 66 тысяч даляраў (каля 976 мільёнаў рублёў).
Пры гэтым штраф, які 9 студзеня прызначыў эканамічны суд Менска, складае 967 мільёнаў беларускіх рублёў.
Грошы, якія застануцца пасля выплат штрафу, Ігар Логвінаў плануе выдаткаваць на “абнаўленне кніжных паліц”, набыццё касавага апарату ды вырашэнне іншых праблем кнігарні.
Паводле Логвінава, да 16 красавіка кнігарня павінна выплаціць першую частку штрафа, да 16 траўня – разьлічыцца канчаткова.
Нагадаем, у кастрычніку 2013 года выдавецтву “Логвінаў” была скасаваная ліцэнзія за выданне альбома “Прэс-фота Беларусі-2011”, які прызналі экстрэмісцкім за публікацыю фотаздымкаў.
Летась са студзеня ў Беларусі ўсіх кнігараспаўсюднікаў абавязваюць праходзіць працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі.
Чыноўніцкія перашкоды дэ-факта выконваюць функцыю цэнзуры. Кнігарня “Логвінаў” спрабавала зарэгістравацца шэсьць разоў на працягу года, але пастаянна атрымлівала адмовы. Цяпер выдавецтва працягвае працаваць.
Грошы, якія збіралі “ўсім светам”, фактычна пойдуць на ўратаванне прадпрыемства ды яго маёмасці.