Два ўрокі роднай культуры на Дзятлаўшчыне
Беларускі бард, журналіст і публіцыст Зьміцер Бартосік з Менску і пісьменнік, гісторык і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын правялі два ўрокі роднай культуры на Дзятлаўшчыне. Яны выступілі перад вучнямі і настаўнікамі Вензавецкай сярэдняй школы-дзіцячага садка і Дзятлаўскай сярэдняй школы № 1.
Па словах настаўнікаў, даўно ў іх школах не выступалі творчыя людзі, якія б парадавалі родным словам і песняй. Такую мажлівасць ім прыпаднеслі Зьміцер Бартосік і Сяргей Чыгрын. Госці распавядалі пра свае новыя кнігі: Зьміцер Бартосік прачытаў урывак з кнігі “Быў у пана верабейка гаварушчы”, а Сяргей Чыгрын распавёў аб працы над сваімі новымі выданнямі “На радзіме Ігната Дварчаніна” і “Час спагадлівым не бывае”.
Суправаджаў гасцей былы настаўнік, сын заснавальніка Дзятлаўскага музея, вядомы на Дзятлаўшчыне грамадскі актывіст Валерый Петрыкевіч, які шчыра знаёміў дзятлаўчан з гасцямі і распачынаў школьныя сустрэчы.
Падчас урокаў роднай культуры ў школах таксама гучалі беларускія вершы, песні, школьнікі і настаўнікі задавалі пытанні і запрашалі на новыя спатканні.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён