Двойчы быў рэпрэсаваны
Да 105-годдзя беларускага пісьменніка Тодара Лебяды.
Імя беларускага паэта, драматурга і публіцыста Тодара Лебяды (Пятра Шырокава) на працягу некалькі дзесяцігоддзяў было забыта і выкраслена з гісторыі беларускай літаратуры. Але час вяртае таленты з небыцця. Паціху ўдаецца вяртаць і творчасць Тодара Лебяды, пошукамі якога займаюся шмат гадоў. Цікавыя звесткі і творы пісьменніка знойдзены, шмат чаго апублікавана, рыхтуецца да выдання яго кніга твораў.
Тодар Лебяда ўпершыню ў беларускай літаратуры смела і адкрыта паказаў жахі сталінскага тэрору, знішчэнне беларускай нацыі. Ён любіў Беларусь, любіў свой родны горад Віцебск, якому прысвяціў безліч паэтычных радкоў. А гэтыя ён напісаў у 1960 годзе і надрукаваў у слонімскай раённай газеце “Вольная праца”:
Ёсць рэчка такая, Лучосай завецца, Над рэчкаю сад наш і дом; Там спелыя вішні Ружовым суквеццем Схіляюцца ўніз Над вадой…
Размова ідзе пра Віцебск, дзе 6 студзеня 1914 года нарадзіўся Пятро Шырокаў. Рана застаўся без бацькі, таму выхаваннем сына займалася маці Настасся Карпаўна Паедава.
Валянцін Таўлай, Сяргей Хмара, Тодар Лебяда, Масей Сяднёў, Алесь Салавей, Уладзімір Дудзіцкі, Хведар Ільяшэвіч і Андрэй Чэмер. Мінск, 1943 г.
Пасля Віцебскай сямігодкі Пятрок Шырокаў паступае ў рамеснае вучылішча чыгуначнікаў. Яшчэ ў школе пачынае пісаць вершы, а ўжо ў вучылішчы цвёрда вырашае займацца літаратурай. У 1933 годзе паступае ў Менскі педагагічны інстытут. Яго нарысы і вершы друкуюцца ў газетах “Віцебскі рабочы”, “Савецкая Беларусь” і “Піянер Беларусі”. У інстытуце ён знаёміцца і сябруе з Уладзімірам Клішэвічам, Масеем Сяднёвым, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым і іншымі аўтарамі-пачаткоўцамі.
У 1936 годзе Тодара Лебяду і яшчэ адзінаццаць студэнтаў інстытута абвінавацілі ў “буржуазным нацыяналізме”. За гэта іх дэпартавалі ажно ў Новасібірскую вобласць. Пятро Шырокаў быў асуджаны на пяць гадоў, Якуб Ермаловіч і Масей Сяднёў на шэсць гадоў і г.д.
У 1940 годзе Пятра Шырокава і яго сяброў прывозяць у Менск для “перагляду справы”. З Менска адпраўляюць у Чэрвень, дзе асуджаных і застае вайна.
Нямецкія самалёты ўжо бамбілі горад, таму савецкай уладзе было не да зняволеных. Так Тодар Лебяда са сваімі сябрамі апынуўся на волі. Гэты момант Масей Сяднёў занатаваў у сваёй паэме “Мая вайна” (зборнік “Патушаныя зоры”, Нью-Йорк – Мюнхен, 1975).
Сядзяць злева направа Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў і Тодар Лебяда. Беласток, 1943 г.
Пятро Шырокаў дабраўся да Віцебска, дзе жыла яго маці. Тут ён ізноў узяўся за пяро — пісаў вершы, апавяданні і драматычныя творы. Адначасова рэдагаваў газету “Беларускае слова”, што выходзіла тры разы на месяц. У Віцебску была закончана і п’еса “Загубленае жыццё”, якая ўпершыню была пастаўлена на сцэне Віцебскага драмтэатра. У 1952 годзе ў Канадзе п’еса “Загубленае жыццё” выходзіць з друку асобным выданнем. А ў 1995 годзе мне ўдалося яе апублікаваць і на радзіме ў часопісе “Тэатральная Беларусь” (цяпер такі часопіс не выдаецца). Гэтая драма — першая антыбальшавіцкая п’еса ў беларускай літаратуры, якая праўдзіва паказвае гады калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій на Беларусі.
А ў 1944 годзе з друку выходзіць першы паэтычны зборнік Тодара Лебяды “Песьні выгнання”. Падчас адступлення немцаў, Тодар Лебяда вырашыў уцячы на Захад. Ён добра ведаў і адчуваў, што яго зноў чакае турма, зноў чакаюць сталінскія рэпрэсіі. Але выжыць на чужбіне ён доўга не змог і хутка вярнуўся на радзіму. Гэтае вяртанне шчасця яму не прынесла. У траўні 1947 года Ваенным Трыбуналам войск МУС Менскай вобласці па арт.63-1 КК БССР Шырокаў Пётр Фёдаравіч зноў быў асуджаны, на гэты раз на 25 гадоў…
Аўтограф Тодара Лебяды Янку Шутовічу.
У розных раёнах Сібіры адбываў свой тэрмін беларускі пісьменнік Тодор Лебяда. А 30 жніўня 1956 года ён быў вызвалены з-пад варты, але ў Беларусь вяртацца яму не дазволілі, таму прыйшлося ўладкавацца цырульнікам у адным з пасялковых дамоў афіцэраў, а таксама працаваць на іншых работах. І толькі ў 1960 годзе ён прыязджае ў горад Слонім, уладкоўваецца працаваць рэзчыкам паперы на мясцовую кардонна-папяровую фабрыку “Альбярцін”. А ў вольны ад працы час Тодар Лебяда па-ранейшаму займаецца творчасцю. Сёе-тое друкуе ў слонімскай раённай газеце “Вольная праца”. Але пра свой псеўданім Пятро Шырокаў нікому нічога не казаў, як і пра выдадзеную ім у 1944 годзе кнігу вершаў. Быў заўсёды маўклівы і даволі просты. Вельмі хацеў стварыць на фабрыцы драматычны гурток, каб ставіць свае п’есы. Дарэчы, у Слоніме ён напісаў п’есу ў трох актах “У нас, на Гродзеншчыне”, прысвечаную вясковаму жыццю моладзі. У гэты час было напісана і некалькі аднаактовых п’есак. Адна з іх — “Людзі ва Хрысце” — была надрукавана ў слонімскай раёнцы “Вольная праца”.
1 студзеня 1962 года Пятро Шырокаў звольніўся з работы і назаўсёды пакінуў Слонім. Ён прыехаў у горад Чэрвень Менскай вобласці і ўладкаваўся на працу сакратар-машыністкай у рэдакцыю раённай газеты “Уперад”. Піша вершы, фельетоны, гумарэскі. Друкуецца не толькі ў сваёй газеце, але дасылае творы і ў рэспубліканскія выданні. Праўда, падпісваецца ўжо другі псеўданімам — Клім Каліна.
У канцы 1962 года Тодар Лебяда пакідае Беларусь і ад’язджае на Разаншчыну ў Расею да знаёмай жанчыны. З ёю наш зямляк пражыў сем гадоў. Там ён пабудаваў дом, пасадзіў сад. Але гады сталінскіх рэпрэсій далі аб сабе знаць. Тодар Лебяда перанёс два інфаркты і напачатку 1970 года памёр. Яго пахавалі ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласці.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя Фота з архіва аўтара