Двухметровы буквар упрыгожыў вернісаж у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
Памятны знак – двухметровы аб’ёмны „Буквар” – адкрыты 26 красавіка на міжнароднай выстаўцы „Буквары народаў свету” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Гэты галоўны сімвал юбілейных падзей – 400-годдзя выдання беларусамі першага ў свеце „Буквара” – увасабляе важкасць і каштоўнасць унікальнага выдання, якое закладае асновы культуры і з’яўляецца пачаткам шляху асваення ведаў.
Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця вернісажу дырэктар НББ Раман Матульскі, буквары даюць магчымасць атрымаць уяўленне, наколькі вялікі свет і як многа людзей вучацца размаўляць на роднай мове, любіць і шанаваць яе. „Тэма буквара вечная. Бо ва ўсе часы людзі будуць вучыцца, вучыцца роднай мове і атрымліваць першыя веды аб розных сферах жыцця”, – сказаў Раман Матульскі.
Аснову выстаўкі склала ўнікальная прыватная калекцыя буквароў і азбук латвійскага педагога, аўтара буквароў і кніг аб народах свету і іх мовах, калекцыянера Юрыса Цыбульса. Калекцыя, якая налічвае больш за 10 тыс. выданняў больш як на 1 тыс. моў, – найбуйнейшая ў свеце.
Частка экспазіцыі – буквары XVI-ХХI стагоддзяў з фондаў НББ. Іх ужо мелі магчымасць убачыць наведвальнікі і раней, бо месяц таму бібліятэка прэзентавала свой выставачны праект „Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі”.
Усяго ж у экспазіцыі міжнароднага праекта „Буквары народаў свету” прадстаўлена каля 1 тыс. 400 буквароў на 587 мовах. Гэта кнігі з Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі.
Наведаць выстаўку, якая будзе працаваць у Музеі кнігі да верасня, могуць усе жадаючыя – па чытацкім білеце НББ або па білеце разавага наведвання.
Выстаўка арганізавана пры ўдзеле пасольства Латвіі ў Беларусі, пасольства Беларусі ў Латвіі, праекта мабільнасці Еўрапейскага саюза MOST.