Дыктоўка, прысвечаная юбілею Янкі Купалы



Міжнародны дзень роднай мовы штогод выступае нагодай для таго, каб пазнаць нешта новае пра беларускую культуру і мову, адкрыць сваю краіну іншай і ўбачыць у сваёй культуры сапраўдныя каштоўнасці.

Штогод у рэспубліцы да свята праходзяць разнастайныя мерапрыемствы: ад забаўляльных праграм і адукацыйных праектаў да навуковых канферэнцый рознага ўзроўню. Галоўная мэта гэтых падзей – захаванне моўнай разнастайнасці ў свеце, папулярызацыя і вывучэнне роднай мовы.

Сярод вышэй адзначаных мерапрыемстваў вылучаецца агульнанацыянальная дыктоўка, правядзенне якой ужо шмат год падтрымлівае Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Вось і сёлета, 21 лютага, бібліятэка запрасіла ўсіх жадаючых да напісання 15-й агульнанацыянальнай дыктоўкі, якую прысвяцілі да 140-гадовага юбілею першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Далучыцца да падзеі змаглі актыўныя чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі. Каб паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, яны напісалі артыкул Анатоля Іверса “Ён адкрыў мне Беларусь”. Ролю выкладчыка выканала Алена Быстрыцкая, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”. 

Чакаючы вынікаў дыктоўкі, усе прысутныя мелі магчымасць звярнуцца да матэрыялаў кніжнай выставы “Песні беларускай валадар”.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара