Дырэктарам Нясвіжскага музея прызначылі галоўрэда раёнкі
Дырэктарам Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” прызначаны Дзмітрый Яшчанка, – паведамляе БелТА.
Раней ён займаў пасаду галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны”. Калектыву яго сёння прадставіў міністр культуры Анатоль Маркевіч.
Шматгадовы дырэктар замка-музея ў Нясвіжы Сяргей Клімаў быў звольнены ў снежні.
Сяргей Клімаў, фота Тут.бай
У каментары “Нашай Ніве” ён казаў: “Па-сабачы, цішком мяне звальнялі, нібыта нешта скраўшы, абы ніхто не даведаўся. Пазваніў шараговы супрацоўнік Міністэрства культуры і сказаў, што міністр прапанаваў мне напісаць заяву на звальненне”, – распавёў былы дырэктар музея.
Клімаў — выбітная асоба. Ён пачаў кіраваць замкам 10 год таму, калі той быў у заняпадзе і не лічыўся абавязковай да наведвання турыстычнай каштоўнасцю.
