Дыскусія “Беларуская літаратурная крытыка: чаму гэта не працуе?”
Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі Калегіюм запрашаюць: “Беларуская літаратурная крытыка: чаму гэта не працуе?” Аналітычны семінар / публічная дыскусія крытыкаў і літаратараў
Вядоўцы: Ігар Бабкоў і Ціхан Чарнякевіч Месца: Кнігарня “Логвінаў” Час: 30 лістапада а 19.00
Крытыка ёсць ці крытыкі няма? Літаратура мае ў ёй патрэбу, ці крытыка мае патрэбу ў літаратуры? На колькі адсоткаў праяўляецца стужка літаратуры, калі срэбра не вымываецца крытычнай кіслатой?
Функцыі крытыкі размытыя паўставаннем літаратурнай сітуацыі 2010-х – з узбуйненнем выдавецтваў, з’яўленнем цэлага шэрагу прэмій і ўзнагарод, развіццём новых медыяў, дзякуючы якім на першы план выходзяць стракатыя рэкламныя агляды, “дзясяткі найлепшых”, рэпублікацыі пастоў у сацсетках. Крытычны тэкст перастае асэнсоўваць сам сябе як значнае выказванне, не знаходзіць сабе месца, дрэйфуе ці то ў літаратуразнаўчы аналіз, ці то ў публіцыстычную нататку. І нават у такім кшталце можа бытаваць далёка не ў кожным медыя. З другога боку, рэкламна-прэміяльны дыскурс не надта прагне дэканструкцыі: ва ўмовах замкнёнай прасторы сучаснай літаратуры на гэта трэба мець немалую адвагу, альбо будаваць кампліментарную літаратурна-крытычную рэпутацыю.
Якім чынам мусіць бытаваць крытыка цяпер і ці патрэбна ствараць пляцоўку для яе/іх гуртавання?