«Дыяфільм live» пакажа ў Гародні праект «Казкі ў фармаце 18х24»



23 траўня ў Гарадзенскай творчай прасторы ДОМ46 адбудзецца праект «Дыяфільм live». Праект пакажа гарадзенцам дыяфільмы, якія прадэманструць аўтарскія, псіхадэлічныя і дзіўныя казкі для дарослых.

Пра будучыя паказы распавядае кіраўнік творчай пляцоўкі ДОМ46 Яўгенія Рамановіч:

Гэта нешта паміж канцэртам і тэатрам, бо там прысутная музыка, прафесійныя акцёры. Там таксама дыяфільмы, то бок можна сказаць, што гэта і кіно… Гэта выдатны, цікавы унікальны праект увогуле ў Беларусі. І ён упершыню прыедзе да нас у Гародню.

Па словах Яўгеніі Рамановіч гэты праект можа быць цікавы людзям рознага ўзросту і розных зацікаўленасцей:

Мне здаецца, ён для сямейнага прагляду, бо ён звязвае мінулае і будучыню. То бок дыяфільмы — гэта нешта савецкае, старое, магчыма, найлепшы глядач — гэта бабуля са сваім унукам. Усё гэта будзе вельмі жыва, бо там будуць працаваць акцёры, пад музыку. Цалкам магчыма, што гэта будзе цікава людзям, якія займаюцца творчасцю і не ведаюць у якія формы сваю творчасць увасабляць.

Яўгенія Рамановіч упэўнена, што такія праекты могуць быць цікавыя ўсім гарадзенцам. Пачатак паказу “Дыяфільм live” ў гарадзенскім ДОМе46 23 траўня а 19-й гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя